Мінск 21:58

Памежная служба Украіны лічыць беспадстаўнымі абвінавачанні ў стварэнні пагрозы для Беларусі

Скрыншот: архіўны відэазапіс трансляцыі медыяцэнтра "Украіна"

29 чэрвеня, Позірк. У апошні час “Беларусь актывізавала інфармацыйныя ўкіды адносна ўмацавання з боку Украіны, у прыватнасці ў межах Жытоміршчыны”, заявіў 29 чэрвеня спікер украінскай Дзяржаўнай памежнай службы (ДПСУ) Андрэй Дземчанка.

Каментуючы “Украінскай праўдзе” ўсё больш частыя заявы беларускіх чыноўнікаў пра рост напружанасці на мяжы, прадстаўнік ведамства сказаў, што Мінску “мроіцца сцягванне самых разнастайных падраздзяленняў, усяго наяўнага ўзбраення і тэхнікі”.

“Каго і што яны толькі не згадвалі, і хто ўжо толькі не рабіў такія заявы. Верагодна і самі заблыталіся ў сваіх паказах. Гэта зноў вельмі нагадвае тэзы пра тое, “адкуль рыхтаваўся наступ”. Магчыма, і мапы ўжо намалявалі”, — адзначыў Дземчанка. Гэта адсылка да вядомага выслоўя Аляксандра Лукашэнкі, якое зрабіла яго аб’ектам кпінаў.

На сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным 11 сакавіка 2022 года Лукашэнка паспрабаваў апраўдаць агрэсію РФ супраць Украіны нібыта існаваўшымі планамі Кіева атакаваць беларускую тэрыторыю: “А я вам зараз пакажу, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад. І калі б за шэсць гадзін да аперацыі не быў нанесены прэвентыўны ўдар па пазіцыях (чатыры пазіцыі, я зараз пакажу — мапу прывёз), яны б атакавалі нашыя войскі — Беларусі і Расіі, якія былі на вучэннях”.

“Прыемна, вядома, што яны не забываюць пра нашу дзяржаву, але хай не пераймаюцца — Украіна не нясе для іх пагрозы, — працягнуў спікер ДПСУ. — Мы наадварот вымушаныя абараняцца, у тым ліку і на беларускім кірунку, бо Беларусь працягвае падтрымліваць тэрарыстаў, а ў свой час адкрыла расійскім захопнікам сваю мяжу. Украіна ж абараняе і будзе абараняць свае тэрыторыі ад нападак ворагаў”.

Паводле яго слоў, да той пары, пакуль Беларусь “будзе знаходзіцца ў арбіце ўплыву краіны-тэрарысткі”, для Украіны гэты кірунак “будзе заставацца пагрозлівым, і сілы абароны будуць рабіць усё, што ад іх залежыць і што неабходна, каб умацоўваць абарону ўкраінскай дзяржавы”.

Дземчанка падкрэсліў, што Украіна “нарошчвае фартыфікацыйныя здольнасці менавіта для абароны”, а не для нападу. “Таму ніякіх правакацый, як пра гэта заяўляе беларускі бок, у гэтым няма”, — сказаў ён.

Абвастрэнне абстаноўкі на беларуска-ўкраінскай мяжы адбылося 20 чэрвеня. У той дзень Дзяржпагранкамітэт заявіў, што Украіна канцэнтруе на мяжы цяжкае ўзбраенне. 21 чэрвеня ў Беларусі пачалася праверка войскаў з выхадам часцей і падраздзяленняў на палігоны і ўчасткі мясцовасці ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях.

Украінскія ўлады пацвердзілі, што нарошчваюць абарону на мяжы з Беларуссю, але адпрэчылі абвінавачанні ў правакацыях.

28 чэрвеня Дзяржпагранкамітэт заявіў пра актывізацыю ўкраінскай выведкі, знаходжанне ў паласе адказнасці Жытомірскага памежнага атрада (тэрыторыя мяжуе з Гомельскай вобласцю) падраздзяленняў “Рускага добраахвотніцкага корпуса”, выяўленне ў прыграніччы тайніка з выбухоўкай.

Праз некалькі гадзін Мінабароны абвясціла пра вывядзенне дывізіёна рэактыўнай сістэмы залпавага агню “Паланэз” з поўным боекамплектам — у сувязі са “складанай абстаноўкай паблізу ад дзяржаўнай мяжы”.

Беларусь прыгразіла Украіне "ўсімі сіламі і сродкамі" ў выпадку правакацый у паветры

29 чэрвеня, Позірк. "Абстаноўка ў паветранай прасторы напружаная", — заявіў 29 чэрвеня начальнік упраўлення зенітных ракетных войскаў камандавання ВПС і СПА Беларусі Андрэй Севярынчык, характарызуючы сітуацыю на мяжы з Украінай. "Апошнім часам мы фіксуем рэзкае павелічэнне колькасці палётаў беспілотных лятучых апаратаў, якія …

Ідэолаг сіл спецаперацый абвінаваціў Украіну ў намеры ўчыніць тэракты ў Беларусі

29 чэрвеня, Позірк. Напружанасць на беларуска-ўкраінскай мяжы нарастае, заявіў 29 чэрвеня намеснік камандуючага сіламі спецыяльных аперацый (ССА) па ідэалагічнай працы Вадзім Лукашэвіч. “Мы маем інфармацыю пра тое, што Украіна сцягвае да нашых межаў войскі, узбраенне, вайсковую тэхніку, — цытуе яго прэс-служба Міністэрства …
Падзяліцца: