Мінск 23:56

Туск: Польшча і Германія сталі ахвярамі хвалі міграцыі, арганізаванай Пуціным і Лукашэнкам

Фота: Канцылярыя прэм'ер-міністра Польшчы

2 ліпеня, Позірк. Польшча і Германія з’яўляюцца ахвярамі “хвалі міграцыі, арганізаванай [Уладзімірам] Пуціным і [Аляксандрам] Лукашэнкам”, заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск на сумеснай з нямецкім канцлерам Олафам Шульцам прэс-канферэнцыі 2 ліпеня ў Варшаве.

Паводле словаў Туска, якія прыводзіць Rzeczpospolita, польская мяжа “штодня падвяргаецца нападам”, а Германія з’яўляецца мэтай нелегальных мігрантаў.

“І Польшча, і Германія зацікаўлены ў поўнай каардынацыі сваіх абаронных намаганняў”, — падкрэсліў польскі прэм’ер.

“Уся Еўропа, уключаючы Германію, але Польшча асабліва схільная да пэўных рызык з-за геаграфіі і таго факту, што ў нас такая доўгая, якая знаходзіцца пад моцным ціскам мяжа, як з Расіяй, так і з Беларуссю і Украінай, якая ваюе”, — дадаў кіраўнік урада.

Пытанні процідзеяння нелегальнай міграцыі і гарантавання бяспекі патрабуюць “скаардынаваных і сумесных дзеянняў”, адзначыў ён.

18 траўня ў Кракаве Туск паведаміў, што ўрад Польшчы выдзяляе 10 млрд злотых (2,54 млрд долараў) у межах новай праграмы “Шчыт Усход” на ўмацаванне мяжы з Беларуссю і Расіяй.

Намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Цэзары Томчык заявіў тады, што праектам прадугледжана забеспячэнне бяспекі каля 700 км мяжы, у тым ліку 400 км мяжы з Беларуссю. Завяршыць гэты праект, паводле яго слоў, ваеннае ведамства плануе да 2028 года.

6 чэрвеня стала вядома пра смерць польскага вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітэка, параненага нажом 28 траўня на мяжы з Беларуссю. Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, вайсковец падвергся нападу мігранта, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.

13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы пачала дзейнічаць буферная зона, пакуль тэрмін вызначаны ў 90 дзён. Паводле інфармацыі МУС Польшчы, дзякуючы ёй колькасць спробаў парушэння мяжы скарацілася прыкладна на траціну.

У 2024 годзе суседнія краіны ЕС спынілі сама меней 22.845 спроб пранікнення на сваю тэрыторыю з Беларусі (Польшча — не менш за 20.068, Латвія — 2.524, Літва — 253) — на 21,1% больш, чым за аналагічны леташні перыяд (18.870) (даныя на 28 чэрвеня).

Міграцыйны крызіс, які працягваецца з вясны 2021 года, Варшава, Рыга і Вільнюс называюць “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Падзяліцца: