Мінск 18:52

Беларусь стала членам ШАС, мае намер праз яго “рушыць сцены аднапалярнага свету”

Фото: akorda.kz

4 ліпеня, Позірк. З падпісання дакументаў аб прыняцці Беларусі ў склад Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) пачаўся 4 ліпеня саміт аб’яднання ў Астане (Казахстан), паведаміла расійскае агенцтва ТАСС.

Дакументы падпісаныя з ініцыятывы прэзідэнта Казахстана Касым-Жамарта Токаева. Паводле яго слоў, Беларусь “за кароткі перыяд часу выканала ўсе неабходныя працэдуры на шляху да членства ў ШАС”.

Лукашэнка, як паведамляе неафіцыйны тэлеграм-канал яго прэс-службы, вылучыў чатыры кірункі працы ў аб’яднанні: міжнародная бяспека, эканоміка, харчовая бяспека, міжнароднае пазіцыянаванне ШАС.

“У XXI стагоддзі неабходна выбудоўваць сапраўдную і непадзельную глабальную бяспеку. Пры гэтым ініцыятыву павінны ўзяць на сябе краіны Глабальнай большасці, паколькі самаўлюбёны, эгаістычны Захад на такое выявіўся не здольны”, — заявіў ён.

“У нашых сілах разбурыць сцены аднапалярнага свету, накарміць людзей, устараніўшы шмат супярэчнасцей і канфліктаў з-за сацыяльнай няроўнасці, дэфіцыту харчавання і рэсурсаў”, — сказаў Лукашэнка.

Напярэдадні ў інтэрв’ю казахстанскаму інфармагенцтву “Казінфарм” ён заявіў, што Беларусь разам з краінамі ШАС гатова “паслядоўна рэалізоўваць антысанкцыйныя падыходы”.

Беларусь інтэгруецца ў ШАС амаль 15 гадоў: у 2010 годзе атрымала статус партнёра арганізацыі, у 2015-м — назіральніка.

У ліпені 2022 года Мінск падаў заяўку на ўступленне ў ШАС. У верасні паведамлялася, што пачалася працэдура надання Беларусі статусу паўнапраўнага члена.

Пра тое, што Беларусь можа ўступіць у ШАС да наступнага саміту арганізацыі, які пройдзе ў Астане (Казахстан) у ліпені 2024 года, 4 ліпеня 2023 года паведаміў неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі са спасылкай на тагачаснага кіраўніка МЗС Сяргея Алейніка.

Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва створана ў 2001 годзе. Дэкларацыю аб яе заснаванні падпісалі кіраўнікі Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана. Пазней да арганізацыі далучыліся Індыя, Іран, Пакістан.

Падзяліцца: