Мінск 21:43

Дэпутат назваў вызваленых палітвязняў “зрынутымі ворагамі”, да якіх праяўлена міласэрнасць

Архіўнае фота: "Минск-новости"

4 ліпеня, Позірк. “Гэта ў менталітэце ў прынцыпе нашага народа — міласэрнасць да зрынутых ворагаў”, — заявіў у эфіры тэлеканала СТБ намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Вячаслаў Даніловіч, каментуючы вызваленне па амністыі некаторых палітычных зняволеных.

“Тым больш, што гэтыя людзі… Здароўе не тое, і іншыя рэчы. Тут, вядома, нашая ўлада ⟨…⟩ праяўляе найвышэйшую міласэрнасць у адносінах да тых людзей, якія пайшлі фактычна супраць дзяржавы, рабілі спробу мецяжу — падзеі 2020 года — але тым не менш пэўнае пакаранне панеслі”, — сказаў ён.

50-гадовы Даніловіч — былы дырэктар Інстытута гісторыі НАН, экс-рэктар Акадэміі кіравання. Кандыдат гістарычных навук.

2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка анансаваў вызваленне цяжкахворых апанентаў улады. У той жа дзень ён падпісаў закон аб амністыі з нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі, які аднак, паводле зместу, не распаўсюджваецца на асоб з “экстрэмісцкіх спісаў”.

Разам з тым, паводле інфармацыі праваабаронцаў, 3 ліпеня дакладна вядома пра пяці палітвязняў (дзве жанчыны, трое мужчын), якія выйшлі на волю па амністыі. Адзін з іх — анкахворы палітык Рыгор Кастусёў. Імёны астатніх пакуль не называюцца.

Падзяліцца: