Мінск 22:27

Праваабаронцы пацвярджаюць вызваленне 16 палітвязняў

5 ліпеня, Позірк. Дакладна вядома пра 16 палітвязняў, якія выйшлі на волю 3 ліпеня, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Сярод іх тры жанчыны і 13 мужчын.

Паводле даных “Вясны”, частка палітвязняў вызвалілася ў выніку памілавання, частка — па амністыі.

Узгадваецца выхад на свабоду анкахворага палітыка Рыгора Кастусёва. Імёны іншых вызваленых па-ранейшаму не называюцца “для бяспекі вязняў”.

Паводле інфармацыі “Позірку”, сярод вызваленых ёсць маці чатырох непаўналетніх дзяцей.

2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка анансаваў вызваленне цяжкахворых апанентаў улады. У той жа дзень ён падпісаў закон аб амністыі з нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі, які аднак, паводле зместу, не распаўсюджваецца на асоб з “экстрэмісцкіх спісаў”.

На фоне гэтай заявы беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская заклікала безумоўна вызваліць больш за 200 палітвязняў, якія знаходзяцца ў крытычным стане.

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 4 ліпеня ў Астане (Казахстан) выказаў пажаданне, каб амністыя, у выніку якой было вызвалена некалькі палітвязняў, стала “крокам да поўнай павагі правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі”. Ён выказаў занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, паведаміла ААН.

Да вызвалення ўсіх палітвязняў заклікалі ЗША і ЕС.

Падзяліцца: