Мінск 20:32

Беларусь у ЕС мае “сяброў, якія часова застопарылі” стасункі, сцвярджае Петрышэнка

Фота: mogilevnews.by

6 ліпеня, Позірк. У Беларусі “вельмі шмат сяброў”, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка 6 ліпеня ў Александрыі (Магілёўская вобласць) на адкрыцці фестывалю “Купалле. Александрыя збірае сяброў”.

“[Маюцца] тыя сябры, якія часова недзе застопарылі з іх геапалітычных матываў стасункі з намі. Я маю на ўвазе краіны Еўрасаюза, не ўсё вядома. Маюцца краіны, з якімі мы развіваем [стасункі] — Венгрыя, Славакія, шэраг іншых краін, — цытуе чыноўніка дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА. — Мы развіваем актыўна з усходнім вектарам, з Лацінскай Амерыкай, Афрыканскім кантынентам”.

Якія менавіта сябры ў ЕС “часова застопарылі” стасункі з Мінскам, віцэ-прэм’ер не ўдакладніў.

Дэмакратычныя краіны ўвялі ў дачыненні да Беларусі мноства санкцый. Абмежавальныя меры ўводзіліся за фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе і жорсткае задушэнне пратэстаў, якія пачаліся пасля іх, прымусовую пасадку самалёта Ryanair, штучна створаны міграцыйны крызіс на мяжы з краінамі ЕС, дапамогу Расіі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

За апошнія чатыры гады пад санкцыі Еўрапейскага саюза трапіла 233 фізічных і 37 юрыдычных асоб, звязаных з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

Венгрыя, будучы часткай ЕС, абавязаная выконваць абмежавальныя меры супраць Беларусі, але прадстаўнікі яе ўладаў неаднаразова заяўлялі, што не падтрымліваюць іх увядзенне, і працягваюць прамыя кантакты з афіцыйным Мінскам. Гэта адзіная краіна Еўрасаюза, чый амбасадар уручыў даверчыя граматы Лукашэнку пасля падзей 2020 года і ў якую яшчэ не здзяйсняла візіт беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

У адрозненне ад Венгрыі, у Славакіі не такія адназначныя стасункі з рэжымам Лукашэнкі. Да нядаўняга часу Браціслава была паслядоўным крытыкам рэжыму ў Мінску. Ціханоўская некалькі разоў наведвала гэтую краіну, сустракалася з папярэднім славацкім прэзідэнтам Зузанай Чапутавай (кадэнцыя завяршылася 15 чэрвеня 2024 года), членамі ўрада.

Аднак увосень 2023 года на парламенцкіх выбарах у Славакіі перамагла левацэнтрысцкая партыя “Напрамак — сацыяльная дэмакратыя” на чале з Робертам Фіца, які ў чацвёрты раз стаў прэм’ер-міністрам краіны (раней у 2006–2010, 2012–2016 и 2016–2018 гадах). За палітыкам замацаваўся імідж прарасійскага папуліста.

Новы міністр культуры Марціна Шымковічава ў сярэдзіне студзеня 2024-га скасавала загад папярэдніцы Наталлі Міланавай, які забараняў культурную і акадэмічную супрацу з Беларуссю і РФ. Забарона была ўведзеная ў сакавіку 2022 года праз развязаную РФ вайну супраць Украіны, у якой рэжым Лукашэнкі падтрымаў Маскву.

Неўзабаве пасля гэтага, у сярэдзіне лютага, віцэ-спікер Нацыянальнай рады Славакіі Андрэй Данка прапанаваў аднавіць парламенцкія “групы сяброўства” з Беларуссю і РФ.

У красавіку Фіца публічна абурыўся адмовай амбасадараў ЕС удзельнічаць у мемарыяльнай акцыі з нагоды 79-й гадавіны вызвалення Браціславы, паколькі на яе былі запрошаныя беларускі і расійскі дыпламаты. За гэта ён атрымаў пахвалу ад амбасадара ў Аўстрыі, пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры АБСЕ і міжнародных арганізацыях у Вене Андрэя Дапкюнаса, які прыбыў на акцыю.

Адметна, што калі ў траўні на Фіца быў здзейснены замах, Ціханоўская асудзіла гэты акт гвалту. Лукашэнка прамаўчаў, за яго з асуджэннем здарэння выказаўся МЗС.

На абмеркаванні тэматычнага даклада 3 ліпеня ў рамках 56-й сесіі Савета па правах чалавека (СПЧ) ААН прадстаўніца Славакіі канстатавала “трывожную эвалюцыю парушэнняў правоў чалавека” ў Беларусі, адзначыўшы, што рэжым Лукашэнкі “павольна, але дакладна душыць іншадумства, планамерна працуючы над устараненнем” дысідэнтаў.

Падзяліцца: