Мінск 02:33

Кітайскія вайскоўцы прыбылі ў Беларусь на сумесную антытэрарыстычную трэніроўку

Фота: Павел Сурынаў / ІА "Ваяр"

6 ліпеня, Позірк. Беларускія і кітайскія вайскоўцы 8–19 ліпеня правядуць сумесную антытэрарыстычную трэніроўку. Кантынгент Народна-вызваленчай арміі КНР ужо прыбыў у Беларусь, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Сцвярджаецца, што трэніроўка дазволіць бакам “абмяняцца досведам, правесці зладжванне беларускіх і кітайскіх падраздзяленняў, стварыць падмурак для далейшага развіцця беларуска-кітайскіх стасункаў у сферы сумеснай падрыхтоўкі войскаў”.

Начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Муравейка і аташэ па пытаннях абароны пры амбасадзе КНР Лю Чжэ 1 ліпеня ў Мінску “абмеркавалі цяперашні стан двухбаковай супрацы ў ваеннай сферы, намецілі шляхі далейшага ўзаемадзеяння ў галінах, якія выяўляюць узаемны інтарэс”.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам абароны КНР Лі Шанфу 17 жніўня 2023 года заявіў, што ваенная супраца дзвюх краін “ні ў якім разе не будзе скіраваная супраць трэціх краін”. “Нам гэта не трэба, нам трэба засцерагчы свае дзяржавы і свае народы”, — сказаў ён.

Адметна, што неўзабаве пасля вяртання з Беларусі Лі Шанфу перастаў з’яўляцца ў публічнай прасторы. У кастрычніку стала вядома, што ён адхілены ад пасады. У чэрвені 2024 года Камуністычная партыя Кітая абвясціла пра выключэнне былога военачальніка са сваіх шэрагаў за “дысцыплінарныя і прававыя парушэнні” — Лі Шанфу абвінавачаны ў атрыманні хабараў і подкупе іншых асоб.

Падзяліцца: