Мінск 22:50

Лукашэнка жадае “стратэгічнага партнёрства” з Іранам і чакае ў Беларусі новага прэзідэнта Пезешкіяна

Масуд Пезешкіян
Фота: Hamed Malekpour/wikimedia.org

6 ліпеня, Позірк. Дыялог паміж Мінскам і Тэгеранам “на ўсіх узроўнях упэўнена пашыраецца”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 6 ліпеня Масуда Пезешкіяна з перамогай на выбарах прэзідэнта Ірана.

“Перакананы, што ў найбліжэйшай будучыні мы зможам ажыццявіць усе дасягнутыя дамоўленасці, у тым ліку па наданні беларуска-іранскім стасункам характару стратэгічнага партнёрства”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

Лукашэнка запрасіў Пезешкіяна здзейсніць афіцыйны візіт у Беларусь у зручны для іранскага палітыка час, каб абмеркаваць “найбольш актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня і далейшае ўзаемадзеянне краін у міжнародных арганізацыях і аб’яднаннях”.

На яго думку, “паспяховае правядзенне электаральнай кампаніі ў няпростых абставінах” з’яўляецца “безумоўнай перамогай іранскага народа”, які “працягвае годна і няўхільна ісці самастойным шляхам развіцця”.

Перамогу Пезешкіяна Лукашэнка лічыць пацвярджэннем “высокага палітычнага аўтарытэту”, а таксама сведчаннем “грамадскай падтрымкі курсу кіраўніцтва краіны на адстойванне нацыянальных інтарэсаў Ірана, стварэнне перспектыў для сваіх грамадзян і супрацы з краінамі рэгіёну”.

Прадстаўніка крыла рэфармістаў Пезешкіяна называюць умераным палітыкам. У другім туры прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі 5 ліпеня, за яго прагаласавала 53,3% выбаршчыкаў, якія прыйшлі на ўчасткі. Яго сапернік кансерватар Саід Джалілі набраў 44,3%.

Падчас перадвыбарнай кампаніі Пезешкіян крытыкаваў дзейнасць навучальнага патруля, у тым ліку за кантроль паводзін жанчын, а таксама ўрад — за недастатковае расследаванне справы 22-гадовай іранкі Махсы Аміні, якая пасля збіцця, верагодна, супрацоўнікамі рэлігійнай паліцыі ўпала ў кому і пасля памерла.

69-гадовы Пезешкіян — былы кардыяхірург. У 2001–2005 гадах быў міністрам аховы здароўя і медыцынскай адукацыі Ірана, у 2016–2020 гадах — першым намеснікам спікера парламента. Балатаваўся на прэзідэнцкіх выбарах у 2013 годзе, але зняў сваю кандыдатуру. На выбарах у 2021 годзе яго не зарэгістравалі.

Датэрміновыя выбары ў Іране былі прызначаныя неўзабаве пасля гібелі прэзідэнта Эбрахіма Раісі ў авіякатастрофе 19 траўня.

Палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман у каментарыі “Позірку” выказаў меркаванне, што смерць Раісі “кардынальна беларуска-іранскія стасункі не зменіць” (поўная версія даступная падпісчыкам “Позірк+”).

У Іране прэзідэнт узначальвае ўрад і выконвае прадстаўнічыя функцыі, але не з’яўляецца кіраўніком дзяржавы. Гэты статус замацаваны за вышэйшым кіраўніком, або рахбарам, якога абірае пажыццёва Савет экспертаў (з 4 чэрвеня 1989 года пасаду займае аятала Алі Хаменеі).

Падзяліцца: