Мінск 20:56

Беларускія і кітайскія вайскоўцы абмеркавалі пытанні падрыхтоўкі кадраў

Крыніца: Мінабароны

8 ліпеня, Позірк. Пытанні арганізацыі навучальнага працэсу пры падрыхтоўцы кадраў абмеркавалі на перамовах у Мінску прадстаўнікі Цэнтральнага ваеннага савета Кітая і чыноўнікі Міністэрства абароны Беларусі, паведамляе прэс-служба беларускага абароннага ведамства.

Заяўляецца, што на сустрэчы таксама абмяркоўваліся ўдасканаленне сістэмы навучання ў ваенных навучальных установах Беларусі і Кітая і перспектывы двухбаковага ўзаемадзеяння ў гэтай сферы.

Кітайская ваенная дэлегацыя знаходзіцца ў Мінску з 6–8 ліпеня.

6 ліпеня паведамлялася аб прыбыцці Беларусь кітайскіх вайскоўцаў для ўдзелу ў сумеснай трэніроўцы з падраздзяленнямі Узброеных сіл Беларусі.

Манёўры пройдуць 8–19 ліпеня пад Брэстам паблізу мяжы з Польшчай у рамках “гадавога плана і кітайска-беларускіх дамоўленасцяў”.

Мінабароны Беларусі сцвярджае, што трэніроўка дазволіць бакам “абмяняцца вопытам, правесці зладжванне беларускіх і кітайскіх падраздзяленняў, стварыць падмурак для далейшага развіцця беларуска-кітайскіх адносін у сферы сумеснай падрыхтоўкі войскаў”.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам абароны КНР Лі Шанфу 17 жніўня 2023 года заявіў, што ваеннае супрацоўніцтва дзвюх краін “ні ў якім разе не будзе накіраванае супраць трэціх краін”. “Нам гэта не трэба, нам трэба засцерагчы свае дзяржавы і свае народы”, — сказаў ён.

Адметна, што неўзабаве пасля вяртання з Беларусі Лі Шанфу перастаў з’яўляцца ў публічнай прасторы. У кастрычніку стала вядома, што ён адхілены ад пасады. У чэрвені 2024 года Камуністычная партыя Кітая абвясціла аб выключэнні былога военачальніка са сваіх шэрагаў за “дысцыплінарныя і прававыя парушэнні” — Лі Шанфу абвінавачаны ў атрыманні хабараў і подкупе іншых асоб.

Падзяліцца: