Мінск 18:43

Былое кіраўніцтва “Белсата” падазраецца ў фінансавых парушэннях — СМІ

8 ліпеня, Позірк. Вакол польскага тэлеканала “Белсат”, які вяшчае на Беларусь, разгараецца новы скандал — папярэдняе кіраўніцтва СМІ падазраецца ў фінансавых парушэннях.

Паводле інфармацыі журналістаў-расследавальнікаў Radio ZET і RadioZET.pl Марыюша Гершэўскага і Радаслава Груца, ліквідатар Польскага грамадскага вяшчання (TVP) Даніэль Горгош “апавясціў пракуратуру аб фінансавых парушэннях” на “Белсаце”.

На яго думку, былое кіраўніцтва канала, у тым ліку былы дырэктар і галоўны рэдактар Агнешка Рамашэўска-Гузы, “не выканалі абавязкі і перавысілі паўнамоцтвы”.

Паведамляецца, што праведзеная на “Белсаце” праверка нібыта выявіла сярод іншага фіктыўныя альбо завышаныя рахункі за ІТ-паслугі. З-за гэтага Telewizja Polska, у структуру якога ўваходзіў “Белсат”, магла страціць амаль 7 млн злотых (1,64 млн еўра).

“Аўдытары сцвярджаюць, што кіраўніцтва “Белсата” заключала дагаворы на аказанне ІТ-паслуг без правядзення тэндэрных працэдур і без аналізу рынку”, — адзначаецца ў матэрыяле.

Яны таксама не выключаюць, што кантракты былі заключаныя з кампаніямі, якія або не мелі адпаведнага досведу, або ствараліся спецыяльна пад канкрэтныя замовы.

Рамашэўска-Гузы ў адказ на гэта напісала ў “Х” (“Твітар”), што высновы аўдыту зроблены дзеля таго, “каб лягчэй было ўціхамірыць і запалохаць белсатаўцаў” і адпомсціць за яе пазіцыю. “З мяне вырашылі зрабіць зладзейку”, – лічыць яна. На думку былога кіраўніка, у ворагаў нічога не атрымаецца.

Цяперашні кіраўнік “Белсату” Аляксей Дзікавіцкі на просьбу праясніць “Позірку” сітуацыю, што склалася, устрымаўся ад каментара.

Раней паведамлялася, што канал ўвойдзе ў склад медыяструктуры, якая ствараецца на базе TVP. Структура будзе называцца Цэнтрам замежных праграм (ЦЗП) і аб’яднае ўсе тэлеканалы, што вяшчаюць на замежных мовах.

Паводле слоў кіраўніка TVP World Міхала Бранятоўскага, асноўная праца па стварэнні ЦЗП ужо праведзеная, зараз распрацоўваецца яго рэгламент і структура.

Прадугледжваецца, што ў склад ЦЗП акрамя “Белсата” ўвойдуць расійскі канал “Вось Так” і “ўкраінская рэдакцыя”, якая пачне працаваць 1 сакавіка 2025 года. Кіраваць ЦЗП будзе TVP World.

12 сакавіка Рамашэўска-Гузы, якая кіравала каналам з 2007 года, паведаміла пра сваё звальненне. У той жа дзень стала вядома, што на чале канала стане Дзікавіцкі, які да гэтага займаў пасаду намесніка дырэктара.

Прэс-служба TVP адзначыла тады, што змены сталі “вынікам працы над новай мадэллю для замежных каналаў TVP”, якія фінансуюцца польскім Міністэрствам замежных спраў.

3 красавіка Рамашэўска-Гузы звярнулася ў суд з пазовам да TVP. “Не павінна быць так, што пасля 32 гадоў працы чалавека выкідваюць, як смецце”, — напісала яна ў “Фэйсбуку”.

У 2023 годзе “Белсат”, асноўнай крыніцай фінансавання якога з’яўляюцца сродкі МЗС Польшчы, атрымаў ад ведамства 63 млн злотых (15,8 млн долараў на сёння), паведаміў Дзікавіцкі на прэс-канферэнцыі 20 сакавіка. На бягучы год, паводле яго слоў, гэта сума скарочана да 40 млн злотых (крыху больш за 10 млн долараў). Такім чынам, фінансаванне зменшана на 36,5%.

Пасля прыходу да ўлады па выніках парламенцкіх выбараў, якія адбыліся ў кастрычніку 2023 года, урад новага прэм’ер-міністра Дональда Туска пачаў рэвізію грамадскіх і дзяржаўных СМІ, якія, на яго думку, адстойвалі інтарэсы толькі партыі-канкурэнта “Права і справядлівасць”, што кіравала да гэтага.

Тэлеканал “Белсат” створаны для вяшчання на Беларусь у 2007 годзе на падставе дагавора паміж МЗС Польшчы і TVP.

Падзяліцца: