Мінск 04:22

За паўгода беларуская дыяспара ў Літве павялічылася нязначна — міграцыйная служба

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

9 ліпеня, Позірк. На 1 ліпеня ў Літве пражывала 62.535 грамадзян Беларусі, паведамляе Дэпартамент міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў гэтай балтыйскай дзяржавы.

Паводле даных ведамства, на 1 студзеня іх было 62.167. Такім чынам, за паўгода беларуская дыяспара — другая ў краіне паводле колькасці — “вырасла нязначна”, на 0,6%.

Міграцыйная служба паведаміла, што за першае паўгоддзе ў краіне выдадзена 85 пашпартоў замежнікаў (за ўвесь 2023 год — 84). “Павелічэнне колькасці выдадзеных пашпартоў звязана з рашэннем рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі забараніць беларусам абменьваць свае пасведчанні асобы ў дыпламатычных прадстаўніцтвах за мяжой”, — гаворыцца ў паведамленні.

Самая шматлікая нацыянальная група замежнікаў у Літве — украінцы, іх налічваецца 76.145. Міграцыйная служба адзначае, што з іх амаль 44.000 — “уцекачы, якія ратуюцца ад расійскай агрэсіі і на якіх распаўсюджваецца дзеянне ўведзенага ЕС механізма часовай абароны”. Пры гэтым за апошнія паўгода колькасць украінцаў у Літве скарацілася на 10.000.

Трэцяя паводле велічыні дыяспара ў Літве — расіяне (на 1 ліпеня — 15.536; -2,2% у параўнанні з 1 студзеня), чацвёртая — узбекі (10.200; +24,4%), пятая — таджыкі (каля 7.000; +22,8%).

На пачатак другога паўгоддзя ў літоўскай дзяржаве пражывала 221.285 замежнікаў, за паўгода іх колькасць зменшылася на 0,3%.

Падзяліцца: