Мінск 00:06

СМІ: Польшча звернецца да Італіі, Іспаніі і Грэцыі па дапамогу ў ахове мяжы з Беларуссю

Фота: Памежная ахова Польшчы

9 ліпеня, Позірк. Польшча плануе звярнуцца да саюзнікаў па НАТО па дапамогу ў ахове мяжы з Беларуссю, паведамляе RMF24.

Удакладняецца, што ў першую чаргу гаворка ідзе пра Італію, Іспанію і Грэцыю, якія маюць “багаты досвед барацьбы з нелегальнай міграцыяй”.

Паводле звестак медыя, з адпаведнай просьбай падчас саміту НАТО ў Вашынгтоне да саюзнікаў звернецца міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш.

Акрамя гэтага, як адзначаецца, Варшавай запланавана падваенне колькасці паліцыянтаў, якія ахоўваюць мяжу з Беларуссю. Цяпер там нясуць службу 100 супрацоўнікаў ваеннай жандармерыі, праз некалькі дзён кантынгент вырасце да 200.

Сцвярджаецца, што паліцыянты валодаюць дадатковымі навыкамі, якія дапамагаюць падтрымліваць парадак. Акрамя гэтага, “прысутнасць жандараў закліканая прадухіліць розныя тыпы інцыдэнтаў, напрыклад, адкрыццё агню ў парушэнне працэдур”.

“Цяпер ахова мяжы ў асноўным ускладаецца на памежнікаў, якіх падтрымліваюць некалькі тысяч жаўнераў Войска Польскага (у асноўным з 16-й і 18-й механізаваных дывізій). Ёсць таксама добраахвотнікі з Сіл тэрытарыяльнай абароны”, — гаворыцца ў публікацыі.

Колькасць вайскоўцаў, засяроджаных на мяжы з Беларуссю, складае 6 тыс. салдат, памежнікаў — 1,5 тыс., удакладняе RMF24.

4 ліпеня паведамлялася, што Варшава разлічвае на дапамогу замежных памежнікаў і паліцыянтаў пры патруляванні мяжы з Беларуссю. Гаворка пра прадстаўнікоў адпаведных структур з Германіі, Грэцыі і Фінляндыі.

“Падрыхтоўка ідзе поўным ходам, і гэта краіны, якія маюць вялікі вопыт у ахове межаў. Асабліва, напрыклад, грэцкі досвед [процідзеяння нелегальнай міграцыі праз мяжу з Турцыяй] можа быць вельмі карысны”, — прыводзіла Reuters словы неназванага польскага чыноўніка.

Адзначалася, што памежнае агенцтва Еўрасаюзу Frontex фіксуе павелічэнне амаль удвая з пачатку года колькасці мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у ЕС праз усходнюю мяжу.

“У апошнія месяцы афіцыйныя асобы Польшчы і Фінляндыі папярэджвалі, што колькасць людзей, якія спрабуюць перасекчы мяжу праз Беларусь або Расію, можа значна ўзрасці ў найбліжэйшай будучыні”, — гаварылася ў публікацыі.

3 ліпеня міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што Беларусь “дасылае сотні мігрантаў з расійскімі візамі”, фактычна ўручную кантралюючы колькасць тых, хто спрабуе перайсці мяжу нелегальна.

Бываюць месяцы, “калі колькасць мігрантаў раўняецца нулю”, а бывае, што мяжу спрабуе перайсці “300–400 чалавек у дзень”, сказаў ён.

Толькі ад Мінска залежыць, якімі будуць яго добрасуседскія адносіны з Польшчай, падкрэсліў Сікорскі ў кантэксце магчымага закрыцця Варшавай мяжы з Бееларуссю. “Нашы базавыя патрабаванні — каб на волю выйшаў Анджэй Пачобут і спыніліся сілавая перакідка мігрантаў”, — дадаў міністр.

Кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк у інтэрв’ю Polsat News 3 ліпеня не выключыў розных варыянтаў развіцця падзей на мяжы з Беларуссю, адзначыўшы, што пры іх прыняцці Польшча будзе арыентавацца на свае “ўнутраныя інтарэсы”.

Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 2 ліпеня на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню незалежнасці, у чарговы раз заявіў, што нелегальныя мігранты ідуць у Еўрасаюз, таму што іх туды “паклікалі”, у Беларусі іх “лавіць не будуць”.

6 чэрвеня стала вядома пра смерць польскага вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітэка, параненага нажом 28 траўня на мяжы з Беларуссю. Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, вайсковец зазнаў напад мігранта, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.

13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы пачала дзейнічаць буферная зона, пакуль тэрмін вызначаны ў 90 дзён. Паводле інфармацыі МУС Польшчы, дзякуючы ёй колькасць спробаў парушэння мяжы скарацілася прыкладна на траціну.

З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і ЕС працягваецца міграцыйны крызіс, які ўлады Польшчы і краін Балтыі называюць “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

З пачатку гэтага года краіны ЕС спынілі 23,2 тыс. спробаў мігрантаў нелегальна перасекчы мяжу з боку Беларусі, у тым ліку Польшча — больш за 20 тыс., Латвія — крыху менш за 3 тыс., Літва — каля 250.

Падзяліцца: