Мінск 04:55

Пуцін і Лукашэнка небяспечныя як Гітлер, заяўляюць у артыкуле для Washington Post Пэлосі і Ціханоўская

Скрыншот: washingtonpost.com

9 ліпеня, Позірк. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка ўяўляюць для сусветнага парадку такую ж пагрозу, як у свой час Адольф Гітлер, гаворыцца ў сумесным артыкуле былога спікера Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Нэнсі Пэлосі і беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.

Артыкул апублікаваны 9 ліпеня ў амерыканскім выданні Washington Post.

Аўтары адзначаюць, што Лукашэнка “паставіў Беларусь у цэнтр украінскага крызісу”, пагадзіўшыся на размяшчэнне расійскай ядзернай зброі і вайскоўцаў РФ на беларускай тэрыторыі. Падкрэсліваецца, што ён дазваляе Пуціну аказваць уплыў і кантраляваць Беларусь, бо Масква дапамагае яму ўтрымліваць уладу.

У публікацыі апісваюцца палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, у выніку якіх жыхары краіны “жывуць у страху перад стукам у дзверы”. Згадваюцца “пакаянныя відэа”, якія здымаюцца “агентамі КДБ” для наступнага размяшчэння ў інтэрнэце з мэтай “пасеяць страх”.

“Тым не менш народ Беларусі супраціўляецца тыраніі Лукашэнкі. У 2020 годзе пераважная большасць выбаршчыкаў мужна адхілілі дыктатуру і прагаласавалі за дэмакратыю. Але Лукашэнка (пры садзейнічанні Пуціна) скраў выбары ў беларускага народа, адмяніў свабодныя і справядлівыя выбары і незаконна ўтрымаўся ва ўладзе. Мы не ведаем агульнай колькасці палітвязняў, якія падвяргаюцца жорсткаму абыходжанню ў Беларусі. Але мы ведаем імёны многіх з іх”, — заяўляюць Ціханоўская і Пэлосі.

У артыкуле згадваюцца палітвязні, якія больш за год не маюць сувязі са знешнім светам (інкамунікада): Сяргей Ціханоўскі, Марыя Калеснікава, Мікалай Статкевіч і Максім Знак. Гаворыцца, што “паступаюць трывожныя паведамленні” пра стан здароўя лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага.

Аўтары публікацыі перакананыя, што напярэдадні саміту НАТО саюзнікі і партнёры дэмсіл павінны зрабіць крокі для падтрымкі прадэмакратычнага руху ў Беларусі і “ўзмацніць ціск на пуцінскага паслугача Лукашэнку — і, як следства, на самога Пуціна”.

Па-першае, прапануюць Ціханоўская і Пэлосі, варта забяспечыць бяспечны прытулак для беларускіх актывістаў, якія вымушаныя бегчы з краіны: “Мы павінны аказаць усебаковую дапамогу беларускаму руху за свабоду, уключаючы незалежныя СМІ, групы грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў і рэпрэсаваных”.

Па-другое, неабходна ўвесці яшчэ больш жорсткія санкцыі супраць Расіі за яе “антыдэмакратычную дзейнасць”, ізаляваўшы Пуціна і яго эканоміку ад дэмакратычнага свету.

Па-трэцяе, “і пуцінская Расія, і лукашэнкаўскі рэжым павінны быць уключаныя ў спіс дзяржаў — спонсараў тэрарызму”.

“Гісторыя папярэджвае нас, што мы ніколі не павінны баяцца супрацьстаяць рэпрэсіўным дыктатурам, якія імкнуцца знішчыць дэмакратыю. Беларуская апазіцыя і ўкраінскія барацьбіты за свабоду маюць агульныя рысы. Змагаючыся за сваё вызваленне, яны з’яўляюцца маякамі свабоды для Еўропы — і для ўсяго свету. Мы павінны быць побач з імі, пакуль дэмакратыя не пераможа”, — адзначаецца ў артыкуле.

Падзяліцца: