Мінск 18:01

Ціханоўская заклікала кіраўніка МЗС Польшчы падтрымаць “Белсат”

Святлана Ціханоўская і Радаслаў Сікорскі
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

10 ліпеня, Позірк. Працягнуць падтрымку “ўнікальнага тэлеканала “Белсат” і захаваць яго незалежнасць заклікала Святлана Ціханоўская міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага падчас сустрэчы на палях саміту НАТО ў Вашынгтоне. Пра гэта паведаміў “Позірку” галоўны дарадца беларускага дэмакратычнага лідара Франак Вячорка.

Таксама яна звярнулася да суразмоўцы з просьбай змякчыць умовы правозу тавараў фізічнымі асобамі праз польска-беларускую мяжу, удакладніўшы апошнія інструкцыі на гэты конт. Кантроль стаў нашмат больш жортскім у сувязі з новымі санкціямі ЕС. Рэагуючы на выказванні міністра аб магчымасці закрыцця мяжы для грузаперавозак, дэмлідар адзначыла важнасць захавання пасажырскага злучэння паміж дзвюма краінамі.

Дэмлідар папрасіла Сікорскага аб працягу выдачы віз, у першую чаргу гуманітарных, а таксама іншых тыпаў. Раней Польшча істотна скараціла колькасць віз беларусам.

Суразмоўцы абмеркавалі лёс актывіста Саюза палякаў Беларусі Анджэя Пачобута і іншых палітвязняў. Ціханоўская заклікала трымаць пытанне на парадку дня і дабівацца вызвалення ўсіх незаконна асуджаных у Беларусі.

Сярод іншага былі абмеркаваныя бягучы саміт НАТО, супольныя мерапрыемствы падчас генасамблеі ААН, а таксама правядзенне польска-беларускай канферэнцыі на пачатку наступнага году, адзначыў Вячорка.

Ціханоўская “падзякавала міністру за цвёрдасць і рашучасць у дачыненні да рэжыму, а таксама за падтрымку свабоднай Беларусі”.

4 ліпеня стала вядома, што тэлеканал “Белсат” плануецца ўключыць у склад новай медыяструктуры, якая ствараецца на базе Польскага грамадскага вяшчання (TVP) — Цэнтра замежных праграм (ЦЗП).

Мяркуецца, што ў склад ЦЗП увойдуць таксама расійскі канал “Вось Так” і “ўкраінская рэдакцыя”, якая пачне працаваць 1 сакавіка 2025 года. Кіраваць ЦЗП будзе TVP World.

Ціханоўская наведвае Вашынгтон 9–12 ліпеня, дзе бярэ ўдзел у мерапрыемствах саміту НАТО.

Гл. таксама па тэме:

Экс-кіраўніца “Белсата” Рамашэўска-Гузы запатрабавала выбачэнняў у сувязі з выстаўленымі ёй абвінавачваннямі

Падзяліцца: