Мінск 00:56

З пачатку года цэны выраслі на 3,4% — Белстат

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

11 ліпеня, Позірк. Спажывецкія цэны ў чэрвені 2024 года выраслі на 0,6%, сведчаць звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Харчовыя тавары падаражэлі на 0,8%, нехарчовыя — на 0,4%, паслугі — на 0,5%.

З пачатку года рост цэн склаў 3,4%: на харчовую прадукцыю яны павялічыліся на 3,7%, нехарчовую — на 2,5%, паслугі — на 4%.

У гадавым вымярэнні (да чэрвеня 2023-га) зафіксавана павелічэнне цэн на 5,8%: на харчовыя тавары — на 6,4%, нехарчовыя — на 4,5%, паслугі — на 6,6%.

Урад “прыняў пэўныя меры, каб узяць пад кантроль сістэму цэнаўтварэння”, і сёння “ў нейкай ступені” стрымліваць рост цэн удаецца, заявіў Аляксандр Лукашэнка 28 сакавіка на нарадзе аб рабоце банкаўскай сістэмы. З ягоных слоў, ад практыкі дзяржрэгулявання коштаў у Беларусі “не адступяць”.

“Сістэма кантролю за цэнаўтварэннем, за гэтым усім комплексам будзе толькі ўзмацняцца. Такая задача пастаўлена перад урадам. Я прашу мець гэта на ўвазе і Нацыянальнаму банку, і рабіць усё неабходнае, каб людзі менш на нас крыўдзіліся ў сувязі з ростам цэн, інфляцыяй у краіне”, — сказаў Лукашэнка.

Даследчы цэнтр BEROC раней заяўляў, што”верагоднасць змены падыходу ўрада да цэнавага рэгулявання як мінімум у першым паўгоддзі ацэньваецца нізкай”. “Яно працягне прымяняцца ў жорсткай форме, што будзе стрымліваць перанос выдаткаў у цэны і весці да назапашвання інфляцыйнага падстрэшка”, — прагназавала арганізацыя.

Эксперты не выключылі, што сістэма цэнавага кантролю могуць быць скарэктаваная ў сярэдзіне года.

Паводле найважнейшых прагнозных (дэ-факта планавых) параметраў развіцця краіны на 2024 год, інфляцыя не павінна перавысіць 6%.

BEROC чакае, што рост цэн па выніках года складзе 6%, Міжнародны валютны фонд прагназуе 6,3%, Еўразійскі банк развіцця — 8%, Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця — 5,8%.

У 2023 годзе цэны выраслі на 5,8%.

Падзяліцца: