Мінск 05:46

У першым паўгоддзі Польшча дала міжнародную абарону 1,4 тыс. грамадзян Беларусі

Крыніца: pixabay.com

11 ліпеня, Позірк. За шэсць месяцаў 2024 года 1,4 тыс. грамадзян Беларусі атрымалі ў Польшчы міжнародную абарону, сведчаць даныя Упраўлення па справах замежнікаў гэтай краіны.

Беларусы сталі самай шматлікай нацыянальнай групай сярод тых, каго ў студзені — чэрвені польскія ўлады ўзялі пад міжнародную абарону. На другім месцы — украінцы (1,3 тыс.), на трэцім — расіяне (100).

Усяго ў першым паўгоддзі Польшча выдала 4,7 тыс. адпаведных рашэнняў, з якіх 3 тыс. былі станоўчымі.

760 замежнікаў атрымалі адмоўныя рашэнні. Сярод іх 320 грамадзян Расіі, 50 — Беларусі (3,4% ад колькасці разгледжаных заяў), 45 — Індыі. Справы ў дачыненні да амаль 1 тыс. чалавек спыненыя.

За шэсць месяцаў гэтага года ва ўпраўленне звярнулася па міжнародную абарону 7,7 тыс. замежных грамадзян, у тым ліку 2 тыс. беларусаў, 2,7 тыс. украінцаў, 600 расіян. Паводле звестак ведамства, у параўнанні з тым жа перыядам 2023 года, колькасць заяў вырасла на 79% (+3,4 тыс.чалавек).

Няўрадавы Цэнтр беларускай салідарнасці са спасылкай на даныя ўпраўлення паведамляў, што на 31 снежня 2023 года ў Польшчы пражывала 118.562 грамадзяніна Беларусі з дакументамі, якія тым ці іншым чынам легалізуюць іх у краіне. Сярод іх часовы від на жыхарства мелі 69.399 чалавек, пастаянны ВНЖ — 39.553, дадатковую абарону — 6.555, дазвол на знаходжанне доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС — 1.160, статус уцекача — 578, часовую абарону — 436, іншыя падставы — 881.

Падзяліцца: