Мінск 22:58

Этапаванне палітзняволенай Шарэнда-Панасюк на псіхіятрычную экспертызу заняло дзевяць дзён

Источник: сайт ПЦ "Весна"

11 ліпеня, Позірк. Палітзняволеную Паліну Шарэнда-Панасюк даставілі на чарговую псіхіятрычную экспертызу ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Мінску, паведаміў яе муж Андрэй Шарэнда на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”.

Паводле яго слоў, этапаванне жанчыны з гомельскага СІЗА № 3 у Мінск заняло дзевяць дзён.

“Чарговы пякельны этап”, — адзначыў Шарэнда.

“Паліна ў Цэнтры судовых псіхолага-псіхіятрычных экспертыз у Навінках і прабудзе там некалькі тыдняў”, — напісаў мужчына.

Для палітзняволенай гэта будзе чацвёртая такая экспертыза з моманту затрымання.

21 траўня стала вядома, што на Шарэнда-Панасюк завялі трэцюю крымінальную справу.

Паведамлялася, што яе зноў абвінавацілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі).

Раней праваабаронцы паведамлялі пра магчымае вызваленне жанчыны, назваўшы запланаваны тэрмін выхаду на волю — 21 траўня.

Паводле даных праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, 2 траўня суд Рэчыцкага раёна (Гомельская вобласць) устанавіў за палітзняволенай прэвентыўны нагляд. Гэтая мера прадугледжвае назіранне органаў унутраных спраў за тым, як вызваленая з месцаў пазбаўлення волі асоба выконвае часовыя абмежаванні і выконвае ўскладзеныя на яе абавязкі.

22 сакавіка стала вядома, што жанчына звярнулася з прашэннем аб памілаванні да Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта яна паведаміла ў інтэрв’ю дзяржтэлеканалу “Беларусь 1”.

У чэрвені 2021 года суд Маскоўскага раёна Брэста прыгаварыў Шарэнда-Панасюк да двух гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 (абраза прэзідэнта) КК.

У красавіку 2022 года палітзняволеную прыгаварылі яшчэ да аднаго года зняволення паводле ч. 1 арт. 411 КК, у кастрычніку 2023-га — яшчэ да аднаго года паводле гэтага ж артыкула.

21 сакавіка Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын заклікаў Беларусь прыняць тэрміновыя меры для абароны Шарэнда-Панасюк. Гэта першы падобны выпадак па справах супраць Беларусі.

Раней муж, які знаходзіцца з дзецьмі ў эміграцыі, паведамляў, што Шарэнда-Панасюк “мінімум 32 разы змяшчалася ў нечалавечыя ўмовы” штрафнога ізалятара і карцара, а яшчэ “каля 150 дзён” правяла ў памяшканні камернага тыпу.

Падзяліцца: