Мінск 03:39

АБСЕ перазапускае Венскі механізм у дачыненні да Беларусі

Фота: "Позірк"

12 ліпеня, Позірк. 38 краін — удзельніц Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) зноў запусцілі ў дачыненні да Беларусі Венскі механізм, паведаміў “Позірку” галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

У рамках механізму, паводле яго слоў, краіны АБСЕ “патрабуюць ад рэжыму даць адказы на пытанні, калі будуць вызваленыя палітычныя зняволеныя і спыняцца рэпрэсіі, калі будуць забяспечаныя правы зняволеных, а міжнародныя арганізацыі атрымаюць да іх доступ”.

Перазапуск механізму ініцыявалі 30 дзяржаў АБСЕ.

“Мы ўдзячныя за салідарнасць, вітаем запуск механізму, заклікаем міжнародныя арганізацыі прыкласці ўсе намаганні па вызваленні палітычных зняволеных у Беларусі. Гэты крок з’яўляецца важным і своечасовым адказам на працяглыя парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіі супраць беларусаў”, — заявіла Ціханоўская, каментуючы прымяненне механізму.

Венскі механізм — метад працы АБСЕ, накіраваны на выкананне правоў чалавека ў краінах — удзельніцах арганізацыі. Прадугледжвае абмен інфармацыяй, у тым ліку па запыце членаў АБСЕ, абмеркаванні сітуацыі з правамі чалавека паміж краінамі, якія праводзяцца па ініцыятыве любой з іх, а таксама дэбаты на гэтую тэму на мерапрыемствах арганізацыі.

Механізм быў уведзены ў 1989 годзе ў выніку адпаведнага пагаднення, падпісанага ў Вене. Актыўна ўжываўся да 1992 года ў краінах былога СССР і Усходняй Еўропы.

У 1992 годзе быў уведзены аналагічны Маскоўскі механізм АБСЕ, які лічыцца больш эфектыўным.

Папярэдні раз Венскі механізм быў запушчаны ў дачыненні да Беларусі 4 лістапада 2021 года. Дакумент падпісалі 35 краін.

Падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: