Мінск 21:05

Трое пасажыраў маршруткі апынуліся ў бальніцы пасля буйной аварыі ў Мінску

Фота: УДАІ Мінгарвыканкама

12 ліпеня, Позірк. Траіх пасажыраў маршрутнага таксі даставілі ў бальніцу для абследавання 12 ліпеня пасля буйнога дарожна-транспартнага здарэння ў цэнтры Мінска, паведамляе сталічная Дзяржаўтаінспекцыя.

Паводле інфармацыі ведамства, аварыя з удзелам чатырох аўтамабіляў, у тым ліку маршруткі, адбылася апоўдні на Заходнім мосце — з боку праспекта Незалежнасці ў кірунку вуліцы Маскоўскай. Да “масавага ДТЗ”, адзначае ДАІ, прывяло невыкананне дыстанцыі.

26 чэрвеня чарговая аварыя з удзелам маршруткі адбылася непадалёк ад Навагрудка (Гродзенская вобласць) — 57-гадовы кіроўца мікрааўтобуса “Мэрсэдэс” “сутыкнуўся з коннай павозкай”. 54-гадовы мясцовы жыхар, які кіраваў ёю, загінуў на месцы, шэсць пасажыраў маршруткі з траўмамі рознай ступені цяжкасці даставілі ў бальніцу.

Раніцай 25 чэрвеня на 66-м кіламетры трасы Р-28 (Мінск — Маладзечна) 62-гадовы кіроўца легкавога аўтамабіля “Фальксваген Гольф” выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з мікрааўтобусам “Мэрсэдэс”. Двух пасажыраў маршруткі шпіталізавалі, астатнім пацярпелым дапамогу аказалі на месцы.

4 чэрвеня ў выніку сутыкнення маршруткі і трактара на трасе Р-31 каля вёскі Брожка ў Бабруйскім раёне (Магілёўская вобласць) траўмы рознай ступені цяжкасці атрымала 13 чалавек.

У пачатку чэрвеня МУС паведамляла, што сёлета адбылося больш за 30 аварый з удзелам маршрутак, пацярпела не менш як 60 чалавек.

20 лютага 2023 года адбылося лабавое сутыкненне грузавога аўтамабіля “МАЗ” з маршруткай на 9-м км аўтадарогі Р-69 (Смалявічы — Шацк), у выніку чаго загінула 13 чалавек, у тым ліку дзеці.

Пасля таго ДТЗ транспартная інспекцыя Мінтранса і Дзяржаўтаінспекцыя пачалі правяраць выкананне ў маршрутных таксі правілаў перавозкі і бяспекі пасажыраў. Пазней кіраўнік МУС Іван Кубракоў заявіў, што ў дзейнасці перавозчыкаў выяўленыя “пэўныя парушэнні”, у сувязі з чым міністэрства ініцыявала змены правілаў перавозкі пасажыраў.

Падзяліцца: