Мінск 19:41

Лукашэнка даручыў вярнуць войскі з паўднёвай мяжы ў месцы пастаяннай дыслакацыі

Фота: сайт Лукашэнкі

13 ліпеня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз памяняў танальнасць заяў на адрас Украіны.

“Цяпер у нас ускладненняў ніякіх няма з украінцамі, і я спадзяюся, што і не будзе”, — сказаў ён падчас наведвання 56-га зенітнага ракетнага палка ў Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці 13 ліпеня.

Лукашэнка, які лічыць сябе прэзідэнтам і вярхоўным галоўнакамандуючым, даручыў “адвесці войскі на паўднёвых рубяжах у месцы пастаяннай дыслакацыі”, паведамляе яго прэс-служба.

“Пасля нашай пэўнай працы ўкраінцы свае Узброеныя сілы і дадатковыя войскі, якія яны перакінулі да нашай мяжы, ад мяжы адвялі і наогул вывелі з зоны беларуска-ўкраінскай мяжы”, — заявіў ён.

Лукашэнка правёў нараду ў штабе палка з удзелам дзяржсакратара Савета бяспекі Аляксандра Вальфовіча, старшыні Камітэта дзяржбяспекі Івана Церцеля, міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова, міністра абароны Віктара Хрэніна, начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Паўла Муравейкі, старшыні Дзяржпагранкамітэта Канстанціна Моластава, камандуючага сіламі спецыяльных аперацый Узброеных сіл Вадзіма Дзенісенкі, камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Андрэя Лук’яновіча.

2 ліпеня на ўрачыстым сходзе да Дня незалежнасці Лукашэнка, які падтрымлівае расійскую агрэсію супраць Украіны, заявіў: “Вельмі актывізаваліся нашы суседзі ў апошнія некалькі дзён, можа, пару тыдняў. Вельмі актыўна. Але мы ні ў якім разе не павінны дапусціць ніякай эскалацыі і ніякага абвастрэння. Я хачу, каб украінскае кіраўніцтва гэта пачула. Канцэнтрацыя ўзброеных сіл, хай нават нічога не значных, вельмі небяспечная падчас баявых дзеянняў. Мы прааналізавалі сітуацыю. Выдатна разумеем, што ніякага абвастрэння нам не трэба. Мы заўсёды пра гэта казалі. Украінцы разумеюць, што мы адкажам”.

Паводле сцвярджэння прамоўцы, беларускія памежнікі і вайскоўцы “перахопліваюць дзясяткамі беспілотнікі”. З іх дапамогай на тэрыторыю Беларусі нібыта перакідваецца “велізарная колькасць выбухоўкі”, каб “затым даставіць яе ў Расію для здзяйснення тэрактаў”.

“Я б папрасіў украінцаў не балавацца і не сваволіць з агнём. Гэта вельмі небяспечна”, — заявіў Лукашэнка.

20 чэрвеня Дзяржаўны памежны камітэт (ДПК) Беларусі заявіў, што Украіна канцэнтруе на мяжы цяжкае ўзбраенне. На наступны дзень у Беларусі пачалася праверка войскаў з выхадам частак і падраздзяленняў на палігоны і ўчасткі мясцовасці ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях.

Украінскія ўлады пацвердзілі, што ўзмацняюць абарону на мяжы з Беларуссю, але адмялі абвінавачанні ў правакацыях.

28 чэрвеня ДПК заявіў аб актывізацыі ўкраінскай выведкі, знаходжанні ў паласе адказнасці Жытомірскага памежнага атрада (тэрыторыя мяжуе з Гомельскай вобласцю) падраздзяленняў “Рускага добраахвотніцкага корпуса”, выяўленні ў памежжы тайніка з выбухоўкай.

У той жа дзень Мінабароны абвясціла аб вывядзенні дывізіёна рэактыўнай сістэмы залпавага агню “Паланэз” з поўным боекамплектам — у сувязі са “складаным становішчам паблізу дзяржаўнай мяжы”.

29 чэрвеня спікер украінскай Дзяржаўнай памежнай службы (ДПСУ) Андрэй Дземчанка заявіў, што ў апошні час “Беларусь актывізавала інфармацыйныя ўкіды адносна ўмацавання з боку Украіны, у прыватнасці ў межах Жытоміршчыны”. Мінску “мроіцца сцягванне самых разнастайных падраздзяленняў, усяго наяўнага ўзбраення і тэхнікі”, сказаў спікер ДПСУ.

Новыя заявы Лукашэнкі Кіеў пакуль не каментаваў.

Гл. таксама па тэме:

Памежная служба Украіны лічыць беспадстаўнымі абвінавачанні ў стварэнні пагрозы для Беларусі

Падзяліцца: