Мінск 16:07

Ад наступстваў ветру загінула дзяўчына, паранена шэсць чалавек — Міністэрства аховы здароўя (абноўлена)

Дрэва, якое забіла маладую жанчыну
Скрыншот відэазапісу Следчага камітэта

Дададзеныя інфармацыя Следчага камітэта і гістарычная даведка

13 ліпеня, Позірк. Адзін чалавек загінуў і шэсць атрымалі раненні ў выніку непагадзі ўвечары 13 ліпеня, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Ад падзення дрэва на Цнянскім вадасховішчы загінула дзяўчына, двое пацярпелых дастаўлены ў Мінскую абласную бальніцу і Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр траўматалогіі і артапедыі.

Згодна звестак Следчага камітэта, дрэва ўпала на 26-гадовую жанчыну і яе 25-гадовую сяброўку. Старэйшая памерла на месцы. “Паводле папярэдняй інфармацыі, дзяўчаты адпачывалі ля вадаёма. Праз надвор’е, якое рэзка пагоршылася, сяброўкі шукалі сховішча ад дажджу, і ў нейкі момант адно з дрэў абрынулася проста на іх”, — адзначаецца ў паведамленні СК. На месцы надзвычайнага здарэння працуе следча-аператыўная група.

У Ждановічах таксама ад падзення дрэва пацярпела дзіця. Яно шпіталізаванае ў РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі.

У цэнтры Мінска з-за падзення шкла з прычыны парыву ветру каля завода “Гарызонт” пацярпелі 24-гадовы малады чалавек і падлетак. Яны шпіталізаваныя ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі (БХМД) і 3-ю бальніцу.

Акрамя таго, у выніку парывістага ветру ў сталіцы ўпала цагляная сцяна. Пацярпелы, малады чалавек, шпіталізаваны ў БХМД. У яго дыягнаставаныя спалучаныя траўмы: чэрапна-мазгавая травма сярэдняй ступені, закрытая траўма грудной клеткі, траўма жывата, пераломы костак.

Паводле інфармацыі прадпрыемства “Мінсктранс”, праз неспрыяльныя ўмовы надвор’я спыняўся рух пяці трамвайных і пяці тралейбусных маршрутаў. Рух трамваяў №№ 1, 5, 6 з боку вул. Сядых спынящся двойчы. Паміж пачаткам руху пасля ліквідацыі аварыі і прыпыненнем з-за новай прайшло восем хвілін.

Гістарычная даведка. Роўна восем гадоў таму, 13 ліпеня 2016 года, з-за непагадзі пацярпела 36 чалавек, 7 з іх шпіталізавалі. Вецер, які дасягаў у раёне метэастанцый 21 м/ з, паваліў 4.250 дрэў (у Мінску — 3.611), пашкодзіў 622 будынкі, восем самалётаў у сталічным аэрапорце, пацярпеў лес на плошчы 6,4 тыс. га.

Гл. таксама па тэме:

З-за непагадзі было парушана энергазабеспячэнне больш чым у 450 населеных пунктах

Падзяліцца: