Мінск 02:49

Адно дзіця загінула, шэсць пацярпелі ад паваленых дрэў у дзіцячым лагеры

Скрыншот відэазапісу Следчага камітэта

14 ліпеня, Позірк. 13-гадовы хлопчык загінуў, шэсць дзяцей ва ўзросце ад 7 да 13 гадоў атрымалі траўмы ў выніку падзення дрэў у Рэчыцкім раёне (Гомельская вобласць), паведаміў Следчы камітэт.

На шляху актыўнага фронту аказаўся дзіцячы аздараўленчы лагер імя Марата Казея.

Трагедыя здарылася 14 ліпеня каля 17:20, калі на канцэртнай пляцоўцы праходзіла забаўляльнае мерапрыемства. СК праводзіць праверку.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, у раённую бальніцу дастаўлена трое дзяцей з пераломамі і траўмамі сярэдняй ступені цяжкасці, “пасля папярэдняй дыягностыкі прынята рашэнне адну з дзяўчынак, дыягназ траўм якой патрабуе лячэння ў бальніцы абласнога ўзроўню, перавесці ў Гомель”.

У Гомельскай вобласці прайшлі навальніцы з парывамі ветру да 30 м/с, што прывяло да падзення дрэў на лініі электраперадачы, іх абрыву, пашкоджання апор, паведамляе прэс-служба Мінэнерга. На 21:00 электразабеспячэнне было парушана ў 368 населеных пунктах.

Больш за ўсё ад непагадзі пацярпеў Мазырскі раён, куды сцягнуты аварыйныя брыгады з суседніх, менш пацярпелых раёнаў. Стыхія таксама стала прычынай тэхналагічных парушэнняў у Калінкавіцкім, Ельскім, Нараўлянскім, Лельчыцкім раёнах. Наступствы непагадзі ў рэгіёне ўстараняюць каля 100 аварыйных брыгад.

З-за буры адключалася электраэнергія ў Магілёўскай вобласці. Паводле інфармацыі на 22:00 перабоі ў электразабеспячэнні адзначаны ў 202 населеных пунктах рэгіёну.

13 ліпеня ў Вілейскім раёне Мінскай вобласці і Мінску два чалавекі загінула і сем — у тым ліку чацвёра непаўналетніх — пацярпелі ў выніку праходжання актыўнага навальнічнага фронту, які суправаджаўся парывамі ветру да 22 м/с.

Падзяліцца: