Мінск 16:31

Латвія з 16 ліпеня перастане ўпускаць аўтамабілі з беларускімі нумарамі

Пункт пропуску Грыгароўшчына (Патэрніекі) на беларуска-латвійскай мяжы
Архіўнае фота: Дзяржаўны мытны камітэт

15 ліпеня, Позірк. З 16 ліпеня асобам на легкавых аўтамабілях з беларускімі нумарамі будзе забаронена ўязджаць у Еўрасаюз праз пункты пропуску на мяжы Латвіі з Беларуссю і Расіяй, паведамляе партал lsm.lv.

Рыга пайшла на гэты крок, каб забяспечыць выкананне санкцый ЕС.

“Асоба з зарэгістраваным у Беларусі транспартным сродкам павінна будзе вярнуцца з пункта пропуску ў краіну, з якой яна мела намер уехаць у Латвію. У выпадку адмовы ад выканання патрабаванняў <…> транспарт можа быць канфіскаваны”, — гаворыцца ў матэрыяле.

Забарона не распаўсюджваецца на транспарт, які выкарыстоўваюць дыпламаты.

Паводле інфармацыі партала, Міністэрства юстыцыі распрацоўвае законапраект, які забараняе зарэгістраванаму ў Беларусі транспарту заставацца ў Латвіі і перасякаць мяжу транзітам. Аўтамабілі з беларускімі нумарамі, якія ўжо знаходзяцца на латвійскай тэрыторыі, давядзецца перарэгістраваць. Дакумент рыхтуецца да перадачы ў камісію Сейма па нацыянальнай эканоміцы, аграрнай, экалагічнай і рэгіянальнай палітыцы.

Гэтая норма ўжо дзейнічае ў дачыненні да зарэгістраванага ў РФ транспарту.

29 чэрвеня Савет ЕС прыняў новыя абмежавальныя меры эканамічнага характару ў дачыненні да Беларусі ў сувязі з удзелам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны. Сярод іншага была пашырана забарона на перавозку грузаў аўтатранспартам па тэрыторыі ЕС прычэпамі і паўпрычэпамі з беларускай рэгістрацыяй, у тым ліку пры перавозцы грузавікамі, зарэгістраванымі не ў Беларусі.

Акрамя таго, каб мінімізаваць рызыку абыходу санкцый, зарэгістраваным у ЕС кампаніям, якія належаць беларускім фізічным або юрыдычным асобам на 25% або больш, “павінна быць забаронена станавіцца аўтатранспартным прадпрыемствам або перавозіць тавары аўтатранспартам у саюзе, у тым ліку транзітам”.

Падзяліцца: