Мінск 08:21

У Мазыры пачалі падаваць ваду, электразабеспячэння няма больш за суткі

Мазыр
Архіўнае фота: "Светлае жыццё"

16 ліпеня, Позірк. Мінулай ноччу ў Мазыры з дапамогай электрагенератараў пачалі падаваць ваду, паведамляе прэс-служба Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта.

Да раніцы 16 ліпеня электразабеспячэнне, парушанае наступствамі непагадзі, было адноўлена ў 397 населеных пунктах вобласці, але ў Мазыры яго няма ўжо больш за суткі. Агулам парушэнне падачы электраэнергіі закранула 1.150 населеных пунктаў рэгіёну.

Уначы ў вобласці над аднаўленнем электразабеспячэння працавалі 32 аварыйныя брыгады. Сеткі адноўленыя ў Ельску і Нароўлі. Адмыслоўцы правялі пробныя ўключэнні, праз слабую лінію сувязі з энергасістэмай населеныя пункты будуць падсілкоўваць паступова.

На 6:30 аднаўленчыя работы працягваюцца ў Нароўлі і Ельску, Мазыры і Калінкавічах, далей у чарзе Лельчыцы.

Наступствы ўраганнага ветру ліквідуюць у кругласутачным рэжыме, заявіў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко на начным пасяджэнні аператыўнага штаба.

Адначасова ідзе праца па аднаўленні сілкавання прамысловых, сельскагаспадарчых і сацыяльных аб’ектаў. За 15 ліпеня сфармавана больш за 30 будаўнічых брыгад, адмыслоўцы вызначаюць аб’ёмы работ і закупляюць неабходныя будматэрыялы.

У сувязі з высокай тэмпературай паветра ў Гомелі на 16 ліпеня абвешчаны чырвоны ўзровень небяспекі, па Гомельскай вобласці — аранжавы.

Праз наступствы ўраганнага ветру ў вобласці 15 ліпеня абвясцілі рэжым надзвычайнай сітуацыі.

У рэгіёне, адзначае тэлеграм-канал абласной адміністрацыі, зафіксавана 457 выпадкаў пашкоджання дахаў жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў, 114 сельскагаспадарчых будынкаў у 249 населеных пунктах 15 раёнаў і Гомеля.

У выніку падзенняў дрэў і элементаў канструкцый загінула тры чалавекі, у тым ліку дзіця.

Падзяліцца: