Мінск 20:45

Памёр вядомы ў мінулым футбаліст, трэнер і функцыянер Міхаіл Вергяенка

Фота: abff.by

16 ліпеня, Позірк. На 75-м годзе жыцця памёр вядомы ў мінулым футбольны варатар, трэнер і функцыянер Міхаіл Вергяенка, паведаміла Беларуская федэрацыя футбола.

Вергяенка нарадзіўся 12 студзеня 1950 года ў Гомелі. У 1972 годзе стаў сярэбраным прызёрам маладзёжнага чэмпіянату Еўропы ў складзе зборнай СССР. У 1975 годзе быў удастоены звання майстра спорту СССР. У 1982 годзе заваяваў залатыя медалі чэмпіянату СССР у складзе мінскага “Дынама”. У тым сезоне адыграў 28 сустрэч, прапусціўшы ўсяго 24 мячы і забіўшы адзін з пенальці.

Пасля заканчэння кар’еры гульца быў у “Дынама” памочнікам трэнера, начальнікам каманды. У 1991 годзе стаў галоўным трэнерам каманды, з якой узяў два першыя чэмпіёнствы ў гісторыі суверэннай Беларусі. У канцы 1990-х працаваў генеральным дырэктарам “Дынама”, у 1992—1994 і 1997—1999 гадах узначальваў нацыянальную зборную Беларусі.

У Беларускай федэрацыі футбола Вяргяенка працаваў тэхнічным дырэктарам, намеснікам старшыні, узначальваў камітэт па жаночым футболе. Займаў пасаду старшыні федэрацыі футбола Мінска.

Восем гадоў таму Вяргеенка перанёс аперацыю на сэрцы.

З “залатога” складу “Дынама” няма ў жывых Аляксандра Пракапенкі (памёр у 1989 годзе), Віктара Янушэўскага (1992), Юрыя Курненіна (2009), Пятра Васілеўскага (2012), Юрыя Пудышава (2021).

Падзяліцца: