Мінск 18:32

На Алімпіядзе выступяць 16 індывідуальных нейтральных спартсменаў з Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: сайт Міжнароднага алімпійскага камітэта

16 ліпеня, Позірк. Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) Беларусі 16 ліпеня зацвердзіў “спісачны склад спартсменаў і суправаджаючых асоб на XXXIII летнія Алімпійскія гульні ў Парыжы”.

Паводле інфармацыі сайта НАК, у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў выступяць Абубакар Хаслаханаў (грэка-рымская барацьба), Ганна Церах (веласпорт), Яўген Залаты і Таццяна Клімовіч (акадэмічнае веславанне), Уладзіслаў Кравец і Юлія Трушкіна (веславанне на байдарках і каноэ) Ілля Шымановіч, Анастасія Шкурдай і Аліна Змушко (плаванне), Віялета Бардзілоўская і Іван Літвіновіч (скачкі на батуце), Дар’я Чупрыс і Аляксандра Пятрова (кулявая стральба), Георгій Гурцыеў (тхэквандо), Сюзана Валадзько і Яўген Ціханцоў (цяжкая атлетыка). Усяго 16 чалавек.

Згодна з інфармацыяй на сайце Міжнароднага алімпійскага камітэта, былі дапушчаныя да Алімпіяды, але адмовіліся ад удзелу барцы Ягор Акуліч, Уладзіслаў Казлоў, Дзмітрый Зарубскі, Віялета Рэбікава і Крысціна Сазыкіна, а таксама тэнісісткі Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка. Апошняя, адзначае МАК, спачатку прыняла запрашэнне, але пазней адхіліла яго.

Усе дапушчаныя да ўдзелу ў Алімпіядзе спартсмены з Беларусі і Расіі ўхваленыя нейтральнай групай па праверцы адпаведнасці спартсменаў кваліфікацыйным патрабаванням (AINERP), якую МАК заснаваў сёлета ў сакавіку.

17 чэрвеня НАК выказаў “неразуменне і абурэнне” наконт складу спартсменаў, дапушчаных да АГ-2024. “З невытлумачальных прычын не дапушчаныя да ўдзелу тыя атлеты, якія паспяхова прайшлі праверкі, удзельнічалі ў кваліфікацыйных спаборніцтвах і змаглі выйграць ліцэнзіі”, — гаварылася ў заяве.

НАК сярод іншага застаўся незадаволены складам барцоў, у якім не аказалася наймацнейшых і самых тытулаваных атлетаў, што раней заваявалі алімпійскія ліцэнзіі. Да спаборніцтваў не былі дапушчаны Магамедхабіб Кадзімагамедаў, Аляксандр Гуштын, Павел Глінчук, Вераніка Іванова, Ванэса Каладзінская, Ірына Курачкіна, Арыян Цютрын, Дзяніс Храмянкоў.

Спартыўны партал by.tribuna.com звярнуў увагу на прыналежнасць Глінчук і Івановай да спорткамітэта Мінабароны, Кадзімагамамедава і Каладзінскай — да апекаванага МУС спартыўнага таварыства “Дынама”. Гуштын у 2019 годзе ўдзельнічаў у Сусветных вайсковых гульнях.

Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы 26 ліпеня — 11 жніўня.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны ва Украіне, МАК заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт аказаўся амаль у поўнай ізаляцыі.

25 студзеня 2023 года выканкам МАК пацвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі і РФ праз вайну супраць Украіны, аднак адзначыў, што ніводнаму спартсмену нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах “толькі праз яго пашпарт”.

28 сакавіка МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расійскія атлеты могуць спаборнічаць “у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў” (без выкарыстання сцяга, гімна і іншай сімволікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны “актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеянняў” і не маюць дзейных кантрактаў з сілавымі і вайсковымі ведамствамі сваіх краін.

З аналагічнымі ўмовамі 8 снежня МАК дапусціў індывідуальных спартсменаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў АГ-2024 у нейтральным статусе.

Падзяліцца: