Мінск 17:38

Сітуацыю на мяжы з Украінай вырашылі вайскоўцы дыпламатычнай мовай, сцвярджае Лукашэнка

РСЗА "Паланэз" на мяжы з Украінай
Архіўнае фота: прэс-служба Мінабароны

16 ліпеня, Позірк. “Я б не сказаў, што абвастрылася, але яна выйшла за рамкі той, якая была”, — такім чынам Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў нядаўнюю сітуацыю на мяжы з Украінай, выступаючы 16 ліпеня ў Мінску на цырымоніі ўганаравання выпускнікоў вайсковых ВНУ і вышэйшага афіцэрскага складу.

“Мы заўважылі, што ўкраінцы пачалі канцэнтраваць пэўныя войскі, у тым ліку здымаючы з фронту, самыя падрыхтаваныя баявыя войскі, на прыграніччы, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Мы не хавалі ад людзей. Мы падавалі ў спакойным рытме і рэчышчы гэтую інфармацыю. Але людзей гэта насцярожыла. Запомніце, людзі заўсёды больш адчувальныя, і яны бачаць крыху больш, чым мы”.

“Нам давялося абяцаць людзям і рэагаваць. Усе, хто браў удзел у гэтым рэагаванні, заслугоўваюць самай высокай адзнакі. Я вам за гэта вельмі ўдзячны. Але досвед у тым, што страляць — гэта крайні метад. Гэта наш метад, мы ім павінны валодаць, але гэта скрайняя мера. Трэба заўжды вучыцца дамаўляцца. У тым ліку і вайскоўцам. У гэтым канфлікце ўсю ролю выканалі вайскоўцы. Мы дыпламатаў не прыцягвалі. Але працавалі мы дыпламатычнай мовай. Дамагліся поспехаў”, — дадаў ён.

Лукашэнка лічыць, што вайна “не патрэбная і ўкраінскаму боку”, Беларусі “яна тым больш не патрэбная”. “Яны адвялі ўзброеныя сілы, мы адвялі свае войскі, — сказаў ён. — Памятайце і ведайце, што мы не хочам ваяваць. Мы будзем ваяваць толькі тады, калі чужы бот ступіць на нашу зямлю. Мы будзем рабіць усё дыпламатычным чынам, каб урэгуляваць нашыя стасункі, перш за ўсё з суседзямі”.

Такім жа шляхам улады ў Мінску, паводле сцвярджэння Лукашэнкі, прапануюць урэгуляваць стасункі з Польшчай і Літвой. “Але пакуль узаемнасці не бачым. Таму нам даводзіцца вуха трымаць востра і порах трымаць сухім на паўночна-заходнім і заходнім кірунках”, — заявіў спікер.

Варта адзначыць, што напрыканцы чэрвеня прадстаўнікі беларускай арміі абрынуліся на Украіну з пагрозамі і абвінавачваннямі. Ці меў Лукашэнка на ўвазе адпаведную рыторыку, калі заяўляў пра “дыпламатычную мову” вайскоўцаў, невядома.

13 ліпеня ён даручыў вярнуць войскі з паўднёвай мяжы ў месцы сталай дыслакацыі. “Пасля нашай пэўнай працы ўкраінцы свае Узброеныя сілы і дадатковыя войскі, якія яны перакінулі да нашай мяжы, ад мяжы адвялі і ўвогуле вывелі з зоны беларуска-ўкраінскай мяжы”, — заявіў ён.

Падзяліцца: