Мінск 03:33

Мазырскі НПЗ рыхтуюць да аднаўлення працы — яна спынялася праз ураган

Крыніца: mazyr.by

16 ліпеня, Позірк. “Надзвычайная сітуацыя”, якая склалася ў Гомельскай вобласці, паўплывала на працу Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, паведаміў 16 ліпеня генеральны дырэктар прадпрыемства Віталь Паўлаў.

“Пры прыпыненні тэхналагічных аб’ектаў персанал спрацаваў дакладна і ўпэўнена, — цытуе Паўлава завадское выданне “Мазырскі нафтаперапрацоўшчык”. — У дадзены момант аднаўляецца энергазабеспячэнне і праводзяцца мерапрыемствы па пуску і забеспячэнні працы тэхналагічных аб’ектаў завода ў адпаведнасці з рэгламентам”.

Праз наступствы ўраганнага ветру ў Гомельскай вобласці ўведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі.

Як адзначаў днём 15 ліпеня тэлеграм-канал абласной адміністрацыі, зафіксавана 457 выпадкаў пашкоджання дахаў жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў, 114 сельскагаспадарчых будынкаў у 249 населеных пунктах 15 раёнаў і Гомеля.

Паводле слоў першага намесніка старшыні аблвыканкама Андрэя Бараноўскага, праз адсутнасць электрычнасці спынілі працу Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод і прадпрыемства “Мазырсоль”.

Энергасістэма Беларусі “раней не сустракалася з сітуацыяй”, падобнай да той, якая ўзнікла ў выніку ўраганнага ветру 14 ліпеня, заявіў журналістам намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Сівак.

Паводле яго слоў, адноўлена палова пашкоджаных высакавольтных ліній электраперадачы.

Сівак паведаміў, што вялікая шкода нанесеная лясной гаспадарцы —пацярпела 16 тыс. га лясоў. Паводле папярэдніх ацэнак, гэта 1,5 млн. м3 пашкоджанай драўніны.

Тым часам святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 100-годдзя Мазырскага раёна, запланаваныя на 20 ліпеня, перанесеныя.

Міліцыя і ДАІ Мазыра пераведзеныя на ўзмоцнены рэжым працы. Патрульна-паставая служба пераведзена на кругласутачнае вядзенне службы: забяспечвае бяспеку вуліц, ахову гандлёвых аб’ектаў і адкрытых пад’ездаў.

На раніцу 16 чэрвеня ў 700 населеных пунктах Беларусі ўсё яшчэ не было электрычнасці.

Паводле даных Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, у Гомельскай вобласці шквалісты вецер паваліў больш за 800 дрэў, якія пашкодзілі высакавольтныя лініі электраперадачы.

У аздараўленчым лагеры ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці ад падзення дрэва загінула дзіця, яшчэ некалькі пацярпела. У Магілёўскім раёне ўвечары 14 ліпеня 5-гадовая дзяўчынка памерла праз траўму, атрыманую ў выніку падзення на яе дрэва.

Падзяліцца: