Мінск 04:24

У Гродне затрыманы грамадзянін Літвы, якога на радзіме падазраюць у забойстве

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com / rawpixel.com

16 ліпеня, Позірк. Вайскоўцы Смаргонскай пагранічнай групы затрымалі ў Гродне 41-гадовага грамадзяніна Літвы. Гэта адбылося яшчэ 28 чэрвеня, аднак прэс-служба Дзяржпагранкамітэта паведаміла пра здарэнне толькі 16 ліпеня.

Адзначаецца, што затрыманы хаваўся ў Беларусі ад крымінальнага пераследу ў Літве. “На радзіме, у Шальчынінкайскім раёне, мужчына здзейсніў забойства мясцовага жыхара. Затрыманы раней ужо адбываў пакаранне ў месцах пазбаўлення волі за здзяйсненне розных злачынстваў, у тым ліку і за забойствы”, — заяўляе ведамства.

Паводле папярэдніх звестак, пасля здзяйснення злачынства мужчына перабраўся ў Беларусь, дзе яго “чакалі саўдзельнікі, што арганізавалі дастаўку і далейшае пражыванне на здымнай кватэры ў Гродне”.

“Па факце арганізацыі незаконнага ўезду, а таксама знаходжання на тэрыторыі Беларусі ўзбуджаная крымінальная справа, па якой ужо затрыманыя і прызнаныя ў якасці падазраваных два грамадзяніны Беларусі. Пасля правядзення ўсіх неабходных працэсуальных дзеянняў у рамках узбуджанай крымінальнай справы замежніка чакае дэпартацыя ў Літву”, — гаворыцца ў паведамленні.

На прэс-канферэнцыі 25 чэрвеня ў Мінску намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук заявіў, што Беларусь, “стараецца выконваць” просьбы замежных калег. Ён нагадаў, што Мінск задаволіў усе тры запыты Вільнюса пра выдачу асоб для крымінальнага пераследу. “Два злачынствы супраць палавой недатыкальнасці і адно — прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. <…> Відавочна, нам такія людзі тут не патрэбныя. Забірайце і разбірайцеся з імі”, — аргументаваў рашэнне беларускага боку Стук.

“Цяпер у нас на разглядзе знаходзіцца просьба латышскага і польскага боку. Гэта просьба разглядаецца”, — дадаў ён.

У той жа час, паводле слоў намесніка генпракурора, суседнія краіны адмаўляюць Беларусі ў яе запытах. Такую пазіцыю ён лічыць незразумелай: “Навошта яны ўтрымліваюць у сябе злачынцаў, [выдачу] якіх мы запытваем сапраўды паводле гэтых агульнакрымінальных артыкулаў?”

Падзяліцца: