Мінск 09:04

Запасы гатовай прампрадукцыі на складах за год павялічыліся на 0,5%

Фота: сайт МТЗ

16 ліпеня, Позірк. Запасы гатовай прамысловай прадукцыі на складах на 1 ліпеня 2024 года склалі 8 млрд 759 млн 130 тыс. рублёў, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

З пачатку года яны зменшыліся на 2,2% (на 1 студзеня 2024-га — 8 млрд 959 млн 749 тыс.), у гадавым вымярэнні павялічыліся на 0,5% (8 млрд 714 млн 633 тыс.).

На 1 лютага аб’ём запасаў складаў 8 млрд 959 млн 749 тыс. рублёў, 1 сакавіка — 9 млрд 77 млн 991 тыс., 1 красавіка — 9 млрд 256 млн 778 тыс., 1 траўня — 9 млрд 278 млн 82 тыс., 1 чэрвеня — 8 млрд 964 млн 579 тыс. рублёў.

Паводле звестак Белстата, аб’ём запасаў за першае паўгоддзе склаў 64% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці (на 1 студзеня — 69,6%, год таму — 72,9%).

На нарадзе па развіцці прамысловасці 9 красавіка Аляксандр Лукашэнка сярод іншых праблем галіны назваў рэалізацыю прадукцыі.

“Склады трашчаць. Складскія запасы за 2023 год выраслі на 23%, — сказаў ён. — Профільны віцэ-прэм’ер мяне закалыхвае: гэта нармальна, заўсёды так было — мы тут цяпер усё гэта прададзім. Але мы ж перыяд да перыяду ацэньваем гэтыя запасы. А колькі тэхнікі знаходзіцца на пляцоўках у дылераў, якія для многіх сталі дадатковым складам за мяжой?”

Лукашэнка паведаміў, што на складах гандлёвых дамоў Мінскага трактарнага завода амаль 6,5 тыс. адзінак тэхнікі, або больш чым двухмесячны аб’ём вытворчасці: “Вось і “аб’ёмы” вытворчасці, і ваш “экспарт”.

Паводле даных Белстата, прамысловая вытворчасць у студзені — чэрвені 2024 года ў бягучых цэнах склала 100,2 млрд рублёў (+7,1% да аналагічнага перыяду 2023-га).

У горназдабыўной прамысловасці рост склаў 4,8% (за месяц гэты паказчык не змяніўся), апрацоўчай прамысловасці — 7,3% (+8,2%), у сферы забеспячэння электраэнергіяй, газам, парай, гарачай вадой і кандыцыянаваным паветрам — 7,6% (+7,7%), у абласцях водазабеспячэння, а таксама збору, апрацоўкі і выдалення адходаў, дзейнасці па ліквідацыі забруджванняў — 0,7% (+0,8%).

Падзяліцца: