Украіна прыгразіла Беларусі адказнасцю за супрацоўніцтва з анэксаваным Крымам
16 ліпеня, Позірк. Украіне вядома прынамсі пра сем дамоваў, падпісаных беларускімі ўладамі з дзяржорганамі анэксаванага Крыма, паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” намеснік міністра замежных спраў гэтай краіны Андрэй Сібіга.
Паводле яго слоў, у чэрвені гэтага года ўлады Віцебска і Віцебскай вобласці, “грэбуючы нормамі міжнароднага права”, заключылі пагадненні з акупацыйнымі ўладамі Сімферопаля, Феадосіі і Сакскім раёнам паўвострава, таксама быў падпісаны пратакол аб намерах па стварэнні свабоднай эканамічнай зоны “Віцебск — Крым”.
“Няма сумневу, што такія дзеянні не маглі адбыцца без дазволу вышэйшага кіраўніцтва дзяржавы, гэта значыць, усе гэтыя пагадненні з’яўляюцца адкрытай і задакументаванай дэманстрацыяй прызнання расійскай акупацыі Рэспублікай Беларусь”, — падкрэсліў намеснік кіраўніка МЗС Украіны.
Усе “факты супрацьпраўных дзеянняў”, якія ўяўляюць пагрозу суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, адзначыў Сібіга, “дакладна фіксуюцца праваахоўнымі органамі ўкраінскай дзяржавы”.
“Праводзіцца адпаведнае расследаванне, па выніках якога датычныя не застануцца беспакаранымі і будуць прыцягнутыя да прававой адказнасці”, — падкрэсліў намеснік міністра. — <…> Чыноўнікі, якія ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы і падпісанні такіх “дакументаў”, стануць прадметам разгляду для прымянення санкцыйных абмежаванняў нашымі партнёрамі па санкцыйнай кааліцыі”.
Сібіга заявіў аб недапушчальнасці “падлашчвання да злачыннай улады” на часова акупаваных тэрыторыях Украіны “ў абыход міжнароднага права”.
“Гэта не што іншае, як замах на тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт украінскай дзяржавы”, — рэзюмаваў ён.
30 лістапада 2021 года ў інтэрв’ю міжнароднаму інфармацыйнаму агенцтву “Расія сёння” Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Крым дэ-факта — “гэта расійскі Крым”, а пасля рэферэндуму 2014 года “і дэ-юрэ Крым стаў расійскім”. Паводле яго сцвярджэння, украінскія вайскоўцы без бою аддалі Крым, баючыся, што паўвостраў пяройдзе пад кантроль НАТО.
Улады ў Мінску падтрымалі ўварванне Расіі ва Украіну 24 лютага 2022 года і з тых часоў не хаваюць супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі захопленых тэрыторый.
30 верасня 2022 года Уладзімір Пуцін падпісаў “дакументы” аб уваходжанні ў склад РФ так званых “данецкай і луганскай народных рэспублік”, а таксама “Запарожскай і Херсонскай абласцей”. За некалькі дзён да гэтага на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях пад кантролем расійскіх вайскоўцаў прайшлі адпаведныя “рэферэндумы”.
У пачатку гэтага года Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі дэ-факта прызнаў сепаратысцкія ўтварэнні “днр” і “лнр”. 6 студзеня на сайце верхняй палаты беларускага парламента з’явіўся прэс-рэліз, з якога вынікала, што член СР НС Дзмітрый Баскаў “узяў удзел у акцыі фонду [паралімпійца] Аляксея Талая ў арганізацыі знаходжання школьнікаў з Данецкай і Луганскай рэспублік у Мінску ў перыяд зімовых школьных вакацый”.
Разам з тым дэ-юрэ беларускія ўлады не прызналі незалежнасць “днр” і “лнр”, роўна як іх “далучэнне” да Расіі пасля “рэферэндумаў”.
Кіраўнік т.зв. “днр” Дзяніс Пушылін наведваў Беларусь 27 ліпеня 2022 года.
Лукашэнка сустрэўся з ім 18 красавіка 2023 года ў Мінску. 15 чэрвеня мінулага года амбасадар Беларусі ў РФ (цяпер кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі) Дзмітрый Круты падпісаў з Пушыліным “пагадненне аб пашырэнні партнёрства”.
7 ліпеня член Савета Федэрацыі РФ ад “днр” Аляксандр Валошын у эфіры тэлеканала “Беларусь 1” заявіў, што “данецкая народная рэспубліка” зацікаўлена ў развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю. Паводле яго слоў, “днр” цікавыя “беларускія тэхналогіі ў сферы будаўніцтва жылля і інжынерных аб’ектаў”.
20 сакавіка гэтага года пастаянны прадстаўнік Крыма пры прэзідэнце РФ Георгій Мурадаў заявіў, што ва ўрада анэксаванага паўвострава “ёсць усе напрацоўкі”, каб у бліжэйшыя гады наладзіць чыгуначныя зносіны з Беларуссю.
У студзені паведамлялася, што не пазней за 1 ліпеня 2024 года ў Растове-на-Доне будзе адкрыта беларускае генконсульства, у акругу якога ўвойдуць Валгаградская і Растоўская вобласці, а таксама акупаваныя “днр”, “лнр”, Крым і часткі Запарожскай і Херсонскай абласцей.
Заява намесніка кіраўніка МЗС Украіны Сібігі зробленая на фоне спробы беларускіх уладаў разрадзіць напружанасць у адносінах паміж краінамі.
13 ліпеня Лукашэнка даручыў вярнуць войскі з паўднёвай мяжы ў месцы пастаяннай дыслакацыі. “Пасля нашай пэўнай працы ўкраінцы свае ўзброеныя сілы і дадатковыя войскі, якія яны перакінулі да нашай мяжы, ад мяжы адвялі і наогул вывелі з зоны беларуска-ўкраінскай мяжы”, — заявіў ён.
Сітуацыю на мяжы з Украінай вырашылі вайскоўцы дыпламатычнай мовай, сцвярджае Лукашэнка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 20 снежня 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаІнвестыцыі ў асноўны капітал за 11 месяцаў 2024 года выраслі на 23,7% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаШосты дзень запар актыўнасць нелегальных мігрантаў фіксуецца толькі на польскім напрамкуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 19 снежня 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+