Мінск 19:25

Беларусь увяла бязвізавы рэжым для грамадзян 35 краін Еўропы (дапоўнена)

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

17 ліпеня, Позірк. Беларусь увяла бязвізавы рэжым для грамадзян 35 краін Еўропы.

Згодна з апублікаванай 17 ліпеня заявай Міністэрства замежных спраў, гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі (уключна з неграмадзянамі).

З 8:00 19 ліпеня яны могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску “на падставе сапраўдных дакументаў”, знаходзіцца на беларускай тэрыторыі “не больш за 30 сутак з дня ўезду”.

Бязвіз будзе дзейнічаць да канца 2024 года.

Захоўваецца рэжым бязвізавага ўезду праз наземныя пункты пропуску, які дзейнічае для грамадзян Латвіі, Літвы, Польшчы і іншых краін, а таксама бязвіз пры прыбыцці праз паветраныя пункты пропуску. Усё гэта, на думку МЗС, стварае для гасцей Беларусі “дадатковыя лагістычныя магчымасці на фоне штучных перашкод і абмежаванняў з боку сумежных заходніх краін”.

Сцвярджаецца, што Беларусь пайшла на гэты “падтрыманы Аляксандрам Лукашэнкам” крок для “далейшай дэманстрацыі адкрытасці і міралюбнасці”, “прыхільнасці прынцыпам добрасуседства, а таксама для спрашчэння міжчалавечых кантактаў і паляпшэння свабоды перамяшчэння”.

З 24 ліпеня 2018 года для грамадзян усіх пералічаных вышэй краін дзейнічае бязвізавы парадак уезду ў Беларусь праз нацыянальны аэрапорт Мінск (знаходжанне без візы — не больш за 30 сутак з дня ўезду).

Такім чынам, новаўвядзенне ў большай ступені закране асоб, якія прыбываюць у Беларусь праз наземныя пункты пропуску.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы. Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў падаўжаў яго тэрмін, апошні раз — да канца 2024 года.

Падзяліцца: