Мінск 17:40

Улады хочуць ліквідаваць яшчэ тры спартыўныя арганізацыі

17 ліпеня, Позірк. Адразу тры спартыўныя арганізацыі могуць быць ліквідаваныя 30 ліпеня.

Згодна з раскладам судовых пасяджэнняў, Мінскі гарадскі суд разгледзіць пазовы Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Беларускай федэрацыі дартса (зарэгістраваная ў 1999 годзе) і Беларускай рэспубліканскай Федэрацыі амерыканскага футбола (зарэгістраваная ў 2017 годзе, паўнавартасны член Міжнароднай федэрацыі амерыканскага футбола).

У гэты ж дзень у Брэсцкім абласным судзе будзе разгледжана заява галоўнага ўпраўлення юстыцыі мясцовага аблвыканкама аб ліквідацыі фізкультурна-спартыўнага клуба інвалідаў “Ветразь”, які займаўся папулярызацыяй інваліднага спорту.

10 ліпеня разглядаліся пазовы аб ліквідацыі футбольных клубаў “Нёман-Агра” і “Забудова — ХХІ стагоддзе”, а таксама Беларускай федэрацыі спорту чанбара, 12 ліпеня — Беларускай федэрацыі паўэрліфтынгу.

16 чэрвеня “Позірк” паведамляў пра намер уладаў ліквідаваць восем спартыўных арганізацый: клуба змешаных адзінаборстваў “Фенікс”, Беларускай федэрацыі сілавога шматборства, Беларускага грамадскага аб’яднання традыцыйных адзінаборстваў “Айкібуда”, Федэрацыі хакея з мячом, Беларускай федэрацыі каратэ сётакан, спартыўнага клуба” Полацк”, Федэрацыі “Стрыт варкаўт”, Беларускай федэрацыі айкідо ёсінкан.

26 чэрвеня стала вядома аб ліквідацыі Федэрацыі хакея з мячом.

27 чэрвеня анансаваўся разгляд пазову аб ліквідацыі Беларускага саюза спартсменаў.

Паводле звестак праваабарончай арганізацыі Lawtrend, за перыяд пасля жніўня 2020 года і да канца чэрвеня 2024-га ў Беларусі ліквідавана не менш 1.696 некамерцыйных арганізацый (НКА) — аб’яднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў і асацыяцый.

Падзяліцца: