Мінск 16:11

Мінэнерга: Выхад краін Балтыі з БРЭЛЛ ніяк не паўплывае на працу энергасістэмы Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

17 ліпеня, Позірк. Наступствы выхаду краін Балтыі з энергаколца БРЭЛЛ “адаб’юцца перш за ўсё на спажыўцах гэтых дзяржаў”, заявіла Міністэрства энергетыкі, каментуючы рашэнне Латвіі, Літвы і Эстоніі не падаўжаць дагавор аб сінхроннай працы з энергасістэмамі Беларусі і РФ.

Беларускае энергетычнае ведамства лічыць, што балтыйскія дзяржавы прынялі гэтае “тэхнічна і эканамічна немэтазгоднае” рашэнне, “каб дагадзіць палітычным інтарэсам”.

У той жа час на працу энергасістэмы Беларусі выхад краін Балтыі з БРЭЛЛ “ніяк не паўплывае”, сцвярджае міністэрства.

“У красавіку 2021 года ў нашай краіне паспяхова праведзеныя выпрабаванні энергасістэмы з адключэннем трансгранічных ліній электраперадачы з Літвой, — гаворыцца ў каментарыі. — Яны пацвердзілі надзейнасць яе працы без сувязяў з літоўскай энергасістэмай. Аналагічныя мерапрыемствы рэалізаваны і на латвійскім напрамку”.

“На кожным прыгранічным энергетычным вузле праведзеныя комплексныя работы па падвышэнні надзейнасці электразабеспячэння, у тым ліку ў перыяд рамонтных кампаній”, — заявіла Мінэнерга.

10 ліпеня ў Юрмале адказныя за сферу энергетыкі міністры Латвіі, Літвы і Эстоніі пацвердзілі гатоўнасць сваіх краін адлучыцца ад энергасістэм Беларусі і Расіі і сінхранізавацца з еўрапейскай кантынентальнай сеткай ENTSO-E.

16 ліпеня аператары сістэмы перадачы электраэнергіі Litgrid (Літва), AST (Латвія) і Elering (Эстонія) накіравалі калегам з Беларусі і РФ паведамленне пра тое, што не будуць падаўжаць дагавор аб працы энергаколца БРЭЛЛ, які злучае сеткі пяці гэтых дзяржаў.

Тэрмін дзеяння дамовы заканчваецца 7 лютага 2025 года. На наступны дзень тры балтыйскія дзяржавы адлучацца ад беларускай і расійскай энергасістэм, правядуць сумесныя выпрабаванні, а 9 лютага сінхранізуюцца з еўрапейскай сеткай.

Раней Вільнюс спрабаваў пераканаць Рыгу і Талін адлучыцца ад Беларусі і РФ на пачатку 2024 года. Тыя заяўлялі, што гэта немагчыма, у тым ліку праз эканамічныя выдаткі.

22 красавіка 2023 года Літва паспяхова пратэставала працу нацыянальнай энергасістэмы ў адрыве ад сістэм Беларусі і РФ. Упершыню за ўсю гісторыю незалежнасці краіна самастойна кантралявала частату току і рэгулявала вытворчасць электраэнергіі.

Праз развязаную Расіяй вайну супраць Украіны Кіеў радыкальна змяніў планы па адключэнні сваёй энергасістэмы ад Мінска і Масквы.

Украінскія ўлады мелі намер адключыцца ад паралельнай працы з энергасістэмамі Беларусі і РФ і сінхранізавацца з еўрапейскай кантынентальнай сеткі ў 2023 годзе. 23 лютага 2022 года энергасістэма Украіны была ізаляваная ад Беларусі і Расіі — для тэставых выпрабаванняў. Назад яе павінны былі далучыць 27 лютага. Аднак праз напад войскаў РФ Мінэнерга Украіны прыняло рашэнне не вяртаць энергасістэму ў паралельную працу з беларускай і расійскай сеткамі.

Пазней украінская энергасістэма цалкам сінхранізавалася з ENTSO-E.

Падзяліцца: