Мінск 00:47

Лукашэнка перанёс на тры дні тэрміны аднаўлення электразабеспячэння ў Гомельскай вобласці

Фота: Мінэнерга

18 ліпеня, Позірк. “Усе работы па падключэнні насельніцтва да электрасілкавання, у тым ліку ў самых аддаленых населеных пунктах” Гомельскай вобласці павінны быць завершаныя да раніцы 19 ліпеня, распарадзіўся Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком рэгіёна Іванам Крупко, прысвечанай ліквідацыі наступстваў непагадзі.

Прэс-служба Лукашэнкі паведамляе, што Міністэрству энэргетыкі і старшыням аблвыканкамаў даручана правесці “рэвізію ўсіх энэргетычных магутнасцяў і электрасетак”, а таксама “ліній рэзервовага харчавання”. “У выпадку выяўлення найменшых фактараў, якія выклікаюць насцярожанасць, старыя сеткі павінны быць дэмантаваныя і замененыя, каб пазбегнуць у будучыні падобных сітуацый”, — гаворыцца ў паведамленні.

Раней Лукашэнка даручыў намесніку прэм’ер-міністра Анатолю Сіваку аднавіць працу ўсёй інфраструктуры і сістэм жыццезабеспячэння насельніцтва да раніцы 16 ліпеня.

16 ліпеня на цырымоніі ўшанавання выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў і вышэйшага афіцэрскага складу ён даў “адзін дзень” на ліквідацыю наступстваў стыхіі кіраўніку МНС Вадзіму Сіняўскаму і дзяржсакратару Савета бяспекі Аляксандру Вальфовічу.

18 ліпеня Міністэрства энергетыкі паведаміла, што мінулай ноччу адноўлена электразабеспячэнне ў 140 населеных пунктах Гомельскай вобласці, у 293 населеных пунктах аднаўленчыя работы яшчэ працягваюцца.

“У ліквідацыі тэхналагічных парушэнняў у цяперашні час задзейнічана 183 аварыйныя брыгады і 260 адзінак тэхнікі”, — удакладніла ведамства.

У раёны, якія застаюцца без святла, “працягваецца дастаўка з іншых рэгіёнаў перасоўных дызель-генератарных установак”, гаварылася ў паведамленні.

Праз наступствы ўраганнага ветру 15 ліпеня ў Гомельскай вобласці ўведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі.

Увечары 16 ліпеня першы намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Худалееў адрапартаваў аб аднаўленні ў Мазыры водазабеспячэння. Яго словы абверглі жыхары горада.

17 ліпеня Міністэрства абароны паведаміла аб адпраўцы ў Гомельскую вобласць вайскоўцаў для ліквідацыі наступстваў непагадзі.

Паводле звестак МНС, ад непагадзі ў Беларусі загінула 6 чалавек, у тым ліку двое дзяцей.

У аздараўленчым лагеры ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці ад падзення дрэва загінула дзіця, яшчэ некалькі пацярпела. Стыхія закранула і Магілёўшчыну: у Магілёўскім раёне ўвечары 14 ліпеня 5-гадовая дзяўчынка памерла з-за траўмы, атрыманай у выніку падзення на яе дрэва.

Падзяліцца: