Мінск 04:49

Праваабаронцы: За няпоўныя тры гады на мяжы Беларусі і ЕС загінула не менш як 126 мігрантаў

Магілы нелегальных мігрантаў на татарскіх (мусульманскіх) могілках у в. Бахонікі (Падляскае ваяводства Польшчы, травень 2024 года)
Фота: "Позірк"

19 ліпеня, Позірк. Са жніўня 2021 года па сакавік 2024-га задакументаваная смерць 116 мігрантаў на мяжы Беларусі і краін Еўрасаюза, вынікае са справаздачы беларускай праваабарончай арганізацыі Human Constanta, латвійскай Gribu palīdzēt bēgļiem, літоўскай Sienos Grupė і польскай Ocalenie Foundation.

Ужо пасля заканчэння працы над дакументам, паведамляе польская Gazeta Wyborcza, стала вядома пра гібель яшчэ 10 замежнікаў. Такім чынам, іх колькасць дасягнула 126.

Улады Беларусі, Польшчы і краін Балтыі, паводле справаздачы, афіцыйна прызнаюць 100 смерцяў, па яшчэ 16 у праваабаронцаў “маецца дакладная інфармацыя”. Паводле непацверджаных звестак, адзначаецца ў дакуменце, агульная колькасць загінулшых за названы перыяд можа складаць 142.

Найбольш распаўсюджанымі прычынамі смерці, паводле інфармацыі аўтараў даклада, сталі пераахаладжэнне і знясіленне ў выніку працяглага знаходжання ў памежных лясах.

Праваабаронцам таксама вядома не менш як 9 выпадкаў страты дзяцей цяжарнымі мігранткамі. 5 чалавек, якіх пераследавала паліцыя або памежнікі, загінула ў аўтамабільных аварыях; у рэках выявілі 11 цел замежнікаў.

На тэрыторыі Беларусі знайшлі 47 цел мігрантаў (у тым ліку ў 2023 годзе — 28), Латвіі — 7, Літвы — 4. Статыстыка знойдзеных у Польшчы цел не прыводзіцца, аднак, калі зыходзіць з агульнай колькасці ўказаных у справаздачы загінулых, іх павінна быць 58. У дакуменце маецца мапа, на якой адзначаныя месцы, дзе былі знойдзеныя 116 цел.

Справаздача апісвае канкрэтныя выпадкі смерцяў замежнікаў, прычыны, дзеянні ўрадаў і няўрадавых арганізацый згаданых краін і завяршаецца патрабаваннямі і рэкамендацыямі, якія ў асноўным тычацца гуманнага абыходжання з мігрантамі.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Еўрасаюза цягнецца з вясны 2021 года. Улады Польшчы і краін Балтыі называюць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Падзяліцца: