Мінск 05:45

Латушка праходзіць у Польшчы пацярпелым па крымінальнай справе аб “падбухторванні да забойства”

Крыніца: тэлеграм-канал Паўла Латушкі

19 ліпеня, Позірк. Нацыянальная пракуратура Польшчы расследуе крымінальную справу, пацярпелым па якой з’яўляецца намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.

Як стала вядома “Позірку” з дакумента, які ёсць у распараджэнні рэдакцыі, справа ўзбуджаная паводле артыкулаў аб “падбухторванні да забойства” і “дзейнасці замежных спецслужбаў”.

Афіцыйнае апавяшчэнне аб пачатку расследавання Латушка атрымаў з Нацыянальнай пракуратуры Польшчы.

“Паводле неафіцыйнай інфармацыі з сілавых структур Польшчы, якой я валодаю, з пачатку года было папярэджана дзве пагрозы ў дачыненні да мяне на польскай тэрыторыі”, — заявіў у каментары Позірку Латушка.

Іншымі падрабязнасцямі палітык не валодае.

На наступным тыдні Латушка, паводле яго слоў,”афіцыйна запрошаны ў Лодзь на сустрэчу з пракурорам”.

“У апошні час мы фіксуем актывізацыю спробаў ціску на канкрэтных членаў каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення з боку асоб, якія прадстаўляюцца супрацоўнікамі КДБ. Яны ўжываюць метады подкупу, шантажу, пагроз, рэпрэсій у дачыненні да родных і блізкіх членаў нашай каманды. У нас зафіксаваныя доказы гэтых дзеянняў”, — сказаў кіраўнік НАУ.

Падзяліцца: