Мінск 18:23

Кіраўнік тэлеканала “Белсат” Дзікавіцкі абверг абвінавачванні ва злоўжываннях

Архіўнае фота: "Позірк"

19 ліпеня, Позірк. “Нібыта злоўжыванні”, апісаныя ў артыкуле пра “Белсат” на партале Onet, з’яўляюцца “няпраўдай і паклёпам”, адзначыў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” цяперашні кіраўнік тэлеканала Аляксей Дзікавіцкі (у допісы называе сябе выканаўцам абавязкаў дырэктара).

“Аўтар артыкула Яцэк Харлуковіч нават не зацікавіўся, як гэтага вымагаюць элементарныя журналісцкія правілы, ані маім каментаром, ані каментарамі іншых асоб, чые прозвішчы пададзеныя ў матэрыяле”, — адзнычыў ён.

Дзікавіцкі паведаміў, што “неўзабаве будзе падрыхтаваная адмысловая заява з падрабязным тлумачэннем сітуацыі, якая пойдзе ў рэдакцыю Onet і іншых медыя”. “У выпадку адмовы ў яе публікацыі, не выключаю юрыдычных крокаў”, — падкрэсліў кіраўнік тэлеканала.

У артыкуле, апублікаваным на згаданым партале 19 ліпеня, заяўляецца, што ў дачыненні да фінансавых парушэнняў на тэлеканале “Белсат” падазраюцца 10 менеджараў, у тым ліку былы дырэктар Агнешка Рамашэўска-Гузы і яе экс-намеснік Дзікавіцкі, які цяпер узначальвае медыя.

Сцвярджаецца, што кіраўніцтва канала падазраюць у заключэнні без тэндэру 248 кантрактаў, многія з іх не былі выкананы.

У публікацыі адзначаецца, што пасярэднікам у заключэнні згаданых дагавароў выступала ІТ-кампанія, якая належыць 37-гадоваму Шымону Пуачу. Пуач, як падкрэсліваецца ў матэрыяле, з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам фонду, з якім звязаны Пётр Мюлер — прэс-сакратар папярэдняга ўрада Польшчы на чале з Матэвушам Маравецкім.

Журналіст-расследавальнік Харлуковіч паведамляе, што 17 ліпеня распачатае расследаванне паводле падазрэння ў фінансавых парушэннях на “Белсаце”.

Журналіст пацвярджае, што праз парушэнні тэлеканал мог пацярпець страты на суму каля 7 млн злотых (блізу 1,75 млн долараў). Паводле яго сцвярджэння, да страт на суму каля 5 млн злотых (1,25 млн долараў) маглі прывесці дамовы на аказанне ІТ-паслуг c “фальшывымі рахунак-фактурамі ПДВ”.

Пры гэтым, на думку журналіста, “Белсат” мог зусім не звяртацца да пасрэдніцкіх паслуг кампаніі Пуача, а заключыць неабходныя ўгоды наўпрост з інтэрнэт-правайдэрамі.

Выданне падкрэслівае, што Пуач адхіляе абвінавачванні ў свой адрас, заяўляючы, што “цэны на паслугі былі рынкавымі” і што ён “ніколі не атрымліваў ніякай дадатковай фінансавай і асабістай выгады ад заключэння такога кантракту або заказу”.

8 чэрвеня журналісты-расследавальнікі Radio ZET і RadioZET.pl Марыюш Гершэўскі і Радаслаў Груца паведамілі што, ліквідатар TVР Даніэль Горгаш “апавясціў пракуратуру аб фінансавых парушэннях” на “Белсаце”.

9 ліпеня Рамашэўска-Гузы адпрэчыла абвінавачванні.

На пачатку ліпеня стала вядома, што “Белсат” плануецца ўключыць у склад новай медыяструктуры — Цэнтра замежных праграм (ЦЗП), які аб’яднае тэлеканалы, што вяшчаюць на замежных мовах. Дэмсілы і каманда “Белсата” заклікалі кіраўніцтва Польшчы і TVP захаваць самастойнасць беларускага тэлеканала.

Асноўнай крыніцай фінансавання тэлеканала “Белсат” з’яўляюцца сродкі МЗС Польшчы. У сакавіку Дзікавіцкі паведамляў, што ў 2023 годзе медыя атрымала ад ведамства 63 млн злотых (каля 15,8 млн долараў на сёння), а на 2024 год гэтая сума скарочаная да 40 млн злотых (крыху больш за 10 млн долараў). Такім чынам, фінансаванне зменшана на 36,5%.

Урад прэм’ер-міністра Дональда Туска пасля прыходу да ўлады па выніках парламенцкіх выбараў, якія адбыліся ў кастрычніку 2023 года, пачаў рэвізію грамадскіх і дзяржаўных СМІ, якія, на яго думку, адстойвалі інтарэсы толькі кіруючай да гэтага партыі-канкурэнта “Права і справядлівасць”.

Тэлеканал “Белсат” створаны для вяшчання на Беларусь у 2007 годзе на падставе дамовы паміж МЗС Польшчы і TVP.

Падзяліцца: