Мінск 02:31

На 30-годдзе знаходжання Лукашэнкі ва ўладзе Пуцін пажадаў і надалей з ім працаваць

Лукашэнка і Пуцін на палях саміта ШАС у Астане (3 ліпеня 2024 года)
Фота: тэлеграм-канал "Пул першага"

20 ліпеня, Позірк. За працяг “канструктыўнага, таварыскага дыялогу і шчыльнай сумеснай працы на карысць брацкіх народаў Беларусі і Расіі” выступіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, віншуючы Аляксандра Лукашэнку з 30-годдзем знаходжання ва ўладзе.

У пасланні з Крамля, апублікаваным 20 ліпеня неафіцыйным тэлеграм-каналам прэс-службы Лукашэнкі, сцвярджаецца, што з імем палітыка “непарыўна звязаная ўся найноўшая гісторыя Беларусі, азнаменаваная пабудовай сучасных дзяржаўных інстытутаў і значнымі поспехамі ў сацыяльнай і эканамічнай сферах”.

Пуцін, які знаходзіцца ва ўладзе ў тым ліку дзякуючы фальсіфікацыям на выбарах, заявіў абвінавачанаму ў аналагічных парушэннях Лукашэнку, што “выбаршчыкі шэсць разоў запар давяралі” таму “вышэйшую дзяржаўную пасаду”. Гэта, на думку віншавальніка, сведчыць пра “велізарны аўтарытэт” Лукашэнкі “сярод суайчыннікаў”.

“Цяжка пераацаніць ваш асабісты ўнёсак у развіццё дружалюбных стасункаў і плённай супрацы паміж нашымі краінамі, у станаўленне і ўмацаванне Саюзнай дзяржавы і прасоўванне ўзаемавыгадных інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы”, — адзначыў прэзідэнт РФ.

20 ліпеня 1994 года Аляксандр Лукашэнка ўпершыню прынёс прысягу і заняў пасаду прэзідэнта Беларусі. Наступныя прэзідэнцкія кампаніі, на думку апазіцыі, праваабаронцаў, дэмакратычных краін, праходзілі з фальсіфікацыямі, якія дазвалялі яму заставацца ва ўладзе. З 1996 года незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЕ.

Роўна праз год, 20 ліпеня 2025 года, настане крайні тэрмін правядзення чарговых выбараў прэзідэнта. З вялікай доляй верагоднасці можна меркаваць, што Лукашэнка будзе ў іх удзельнічаць. Беларускія дэмакратычныя сілы ўжо заявілі, што маюць намер працаваць над тым, каб міжнародная супольнасць іх не прызнавала.

Падзяліцца: