Мінск 04:39

Ціханоўская: Дыктатар выкарыстоўвае замежнікаў у якасці закладнікаў для шантажу

Ілюстрацыйнае фота: Marco Chilese / unsplash.com

20 ліпеня, Позірк. “Дыктатар выкарыстоўвае замежнікаў у якасці закладнікаў для шантажу”, — адзначыла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на фоне вынясення ў Беларусі смяротнага выраку грамадзяніну Германіі Рыка Крыгеру.

“Для рэжыму чалавечыя жыцці не маюць ніякай каштоўнасці, калі толькі яны не служаць валютай, — напісала палітык 20 ліпеня на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х. — Вельмі важна змагацца за кожнага чалавека, які апынуўся ў закладніках. Свет павінен усвядоміць сур’ёзную небяспеку, якую прадстаўляе гэты рэжым, і не толькі для беларусаў”.

На думку палітычнага аналітыка Аляксандра Фрыдмана, “Крыгер ёсць казырнай картай Лукашэнкі, а Берлін вядзе закулісныя перамовы з Мінскам пра яго лёс”.

Эксперт выказаў у сваім тэлеграм-канале меркаванне, што “Крыгера ўзялі ў палон ва Украіне расіяне, а Беларусь яны традыцыйна выкарыстоўваюць для сваіх мэт”. “Цяпер гэта гульні з Захадам. Беларусь у гэтым выпадку патрэбная Крамлю ў якасці краіны са смяротным пакараннем — для ўзняцця ставак”, — лічыць ён.

Фрыдман не выключыў, што Масква і Мінск могуць паспрабаваць абмяняць Крыгера на афіцэра ФСБ Вадзіма Красікава, прыгаворанага ў Германіі да пажыццёвага зняволення за забойства былога чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Хонгашвілі ў 2019 годзе ў Берліне.

“Пуцін абавязкова хоча выцягнуць Красікава з Германіі (і нават, паводле інфармацыі прэсы, быў гатовы абмяняць яго на Навальнага) (расійскі апазіцыйны палітык Аляксей Навальны памёр у лютым 2024 года ў зняволенні. — Позірк.), а для Берліна смяротнае пакаранне Крыгера стане не толькі чалавечай трагедыяй, але і палітычным фіяска”, — адзначыў эксперт.

Фрыдман падкрэсліў, што “ў кантэксце справы Крыгера бязвіз ад Лукашэнкі становіцца для грамадзян заходніх краін запрашэннем у клуб самазабойцаў”.

19 ліпеня праваабарончы цэнтр “Вясна” пацвердзіў факт таго, што 24 чэрвеня Мінскі абласны суд вынес смяротны вырак 30-гадоваму грамадзяніну Германіі Рыка Крыгеру. Першым інфармацыю пра прыгавор са спасылкай на ўласныя крыніцы распаўсюдзіў тэлеграм-канал “МотолькоПомоги”.

Грамадзянін ФРГ абвінавачваўся паводле ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін), ч. 3 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім), ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму), арт. 3581 (агентурная дзейнасць) і арт. 133 (наёмніцтва) Крымінальнага кодэкса.

Неўзабаве пасля з’яўлення інфармацыі пра вынесены прысуд Ціханоўская заявіла, што яе каманда збірае дадатковую інфармацыю па справе Крыгера.

Яе дарадца па прававых пытаннях Леанід Марозаў паведаміў, што офіс дэмлідара перадаў прадстаўнікам МЗС Германіі даныя, якія сведчаць пра тое, што нямецкаму грамадзяніну ў Беларусі “пагражае выключная мера”. Ён выказаў спадзеў на тое, што дэмакратычныя краіны разам змогуць “выратаваць жыццё чалавека, якога абвінавачваюць у цяжкіх злачынствах на сумнеўных падставах”.

МЗС і амбасада ФРГ "актыўна абараняюць інтарэсы" асуджанага да смяротнага пакарання Рыка Крыгера

19 ліпеня, Позірк. Знешнепалітычнаму ведамству Германіі вядома аб кейсе нямецкага грамадзяніна Рыка Крыгера, асуджанага ў Беларусі да смяротнага пакарання. Пра гэта гаворыцца ў адказе прэс-службы МЗС ФРГ на запыт інфармацыйнага агенцтва "Позірк". "Знешнепалітычнае ведамства і амбасада ў Мінску надаюць пацярпелай …
Падзяліцца: