Мінск 14:40

У 44 населеныя пункты Жлобінскага раёна электрычнасць падаецца дызельнымі генератарамі — Мінэнерга

Фота: Мінэнерга

21 ліпеня, Позірк. 32 аварыйныя брыгады працуюць у Жлобінскім раёне (Гомельская вобласць) над ліквідацыяй наступстваў ураганнага ветру, паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі.

Адзначаецца, што “электразабеспячэнне 44 населеных пунктаў раёна забяспечваецца дызель-генератарнымі ўстаноўкамі”.

Жлобінскі раён названы “адным з найбольш пацярпелых ад стыхіі ў рэгіёне”.

Заяўляецца, што ў 508 населеных пунктах Гомельскай вобласці ліквідаваныя “тэхналагічныя парушэнні ў сетцы 0,4 кВ”. У 122 аднаўленчыя работы працягваюцца.

“Гэтая праца вядзецца па заяўках спажыўцоў”, — удакладняе ведамства. Задаволена больш за 2 тыс. такіх заявак.

“Усяго ў ліквідацыі наступстваў непагадзі ў Гомельскай вобласці ў сапраўдны момант задзейнічана больш за 140 брыгад і 210 адзінак тэхнікі”, — гаворыцца ў паведамленні.

“Напружаная сітуацыя з падачай энергазабеспячэння ў асобныя домаўладанні” захоўваецца ў Жлобінскім і Рэчыцкім раёнах, паведаміў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч 21 ліпеня на пасяджэнні аператыўнага штаба па ліквідацыі наступстваў непагадзі ў Гомельскай вобласці.

“За сённяшні дзень”, паводле яго слоў, спецыялісты “паспрабуюць развязаць пытанне”.

Непагадзь 13 і 14 ліпеня ў Беларусі прывяла да маштабных пашкоджанняў у сістэме электраперадачы, парушэнняў водазабеспячэння, разбурэнняў.

Больш за ўсё ад ураганнага ветру пацярпела Гомельская вобласць, дзе ўводзілі рэжым надзвычайнай сітуацыі.

Паводле інфармацыі МНС, у гэтыя дні праз стыхію загінула шэсць чалавек.

Падзяліцца: