Мінск 18:01

Сукала заявіў пра 14 памілаваных удзельнікаў пратэстаў і анансаваў магчымасць вызвалення новых

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

21 ліпеня, Позірк. У рамках амністыі, якая праходзіць у Беларусі, могуць быць вызваленыя асобы, якія бралі ўдзел у пратэстах 2020 года, “калі яны не здзейснілі ніякіх небяспечных дзеянняў у дачыненні да правапрымяняльнікаў”. Пра гэта заявіў старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала ў праграме “Галоўны эфір” на тэлеканале “Беларусь 1” 21 ліпеня.

Паводле яго слоў, рашэнне ў дачыненні да такіх асоб Аляксандр Лукашэнка прымае “строга індывідуальна”, на волю ўжо выйшла 14 памілаваных удзельнікаў пратэстаў.

Раней праваабаронцы заяўлялі пра 18 палітвязняў, якія 3 ліпеня выйшлі на волю. Сярод іх 4 жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку прысуджаны да 10 гадоў калоніі старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які пакутуе на анкалагічнае захворванне. Прозвішчы іншых вызваленых не публікуюцца з меркаванняў бяспекі. Пры гэтым невядома, ці ўсе яны з’яўляліся ўдзельнікамі пратэстаў або абвінавачваліся па іншых артыкулах Крымінальнага кодэкса.

2 ліпеня Лукашэнка анансаваў вызваленне цяжкахворых апанентаў улады. У той жа дзень ён падпісаў закон аб амністыі з нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі, які, аднак, па змесце не распаўсюджваецца на асоб з “экстрэмісцкіх спісаў”.

Падзяліцца: