Мінск 06:16

Лукашэнка прыгразіў дырэктарам прадпрыемстваў турмой за няздольнасць дабіцца вяртання даўгоў

Ілюстрацыйнае фота: трактар.бел

22 ліпеня, Позірк. Пытанне вяртання знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці — даўгоў прадпрыемствам — назваў праблемным Аляксандр Лукашэнка 22 ліпеня ў Мінску на нарадзе па пытаннях развіцця беларускай прамысловасці.

“Хачу дырэктараў папярэдзіць: гэта турма, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Бо пры такім раскладзе вы просіце яшчэ і танныя крэдыты пад “абаротку” і рэструктурызацыю даўгоў. То бок зноў спадзеяцеся, што дзяржава з уласнай кішэні вам нешта дасць, і на іншыя льготы і прэферэнцыі [таксама спадзяецеся]. У чарговы раз паўтараю: мусіць быць жорсткая дысцыпліна разлікаў”.

Паводле яго слоў, запуск новага інвестыцыйнага цыкла ў кантэксце задач па імпартазамяшчэнні і лакалізацыі “павінен забяспечыць тэхналагічны суверэнітэт і гарантаваць устойлівае развіццё Беларусі”, таму што “моцная эканоміка — гэта незалежная дзяржава”.

У кантэксце рэалізацыі імпартазамяшчальных інвестыцыйных праектаў з дапамогай крэдыту Расіі Лукашэнка заявіў: “Мне паабяцаў [прэзідэнт РФ Уладзімір] Пуцін гэтыя крэдыты, ён іх выдае”. “Дамовіліся, што [выдае] пад праекты, якія будуць цікавіць не толькі Беларусь, але і Расію. Напэўна, яны правільна ставяць умову: “Хлопцы, давайце сумесныя праекты — мы вам дадзім грошы”. Нармальна”, — сказаў ён.

На нарадзе таксама абмяркоўвалася забеспячэнне якасці прадукцыі, якую выпускаюць беларускія прамысловыя прадпрыемствы.

Паводле даных Белстата, дэбіторская запазычанасць (даўгі прадпрыемству) на 1 чэрвеня вырасла да 73,4 млрд рублёў (месяцам раней — 71,6 млрд; +2,5%), у тым ліку пратэрмінаваная — 10,1 млрд (10 млрд; +1%).

Крэдыторская запазычанасць (даўгі прадпрыемства) вырасла за месяц на 1,5 млрд рублёў і склала 85,4 млрд (83,9 млрд; +1,8%), у тым ліку пратэрмінаваная — 9,8 млрд (10 млрд; -2% ).

3 кастрычніка 2023 года на нарадзе па продажах айчыннай прадукцыі Лукашэнка падкрэсліў, што для беларускай эканомікі “пытаннем пытанняў” з’яўляецца дэбіторская запазычанасць. “Па “дэбіторцы”, я сказаў, ніякіх спасылак [не павінна быць] на тое, што недзе плацяжы не ідуць, яшчэ нешта”, — сказаў ён.

Паводле яго слоў, у Нацбанку і “спадарожных структурах” працуе “не адна тысяча” супрацоўнікаў. “Таму давайце разам з урадам займайцеся і пачынайце працаваць, калі можаце. А на гэтую тэму, зноў жа, больш размоваў быць не можа”, — падкрэсліў Лукашэнка.

На нарадзе аб развіцці прамысловасці сёлета 9 красавіка ён канстатаваў, што не выкананыя яго патрабаванні па скарачэнні знешняй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці, якая за 2023 год вырасла больш як на 10%.

Паводле даных Нацбанка, запазычанасць па рублёвых і валютных крэдытах, выдадзеных банкамі юрыдычным асобам, на 1 чэрвеня 2024 года дасягнула 54 млрд 190,8 млн рублёў.

Праведзены “Позіркам” аналіз паказаў, што актуальная сума даўгоў на 3,4% большая, чым на 1 студзеня 2024 года (52 млрд 394,8 млн), і на 15,6% перавышае запазычанасць, зафіксаваную 1 чэрвеня 2023-га (46 млрд 860,9 млн).

Пратэрмінаваная запазычанасць па крэдытах склала 126,7 млн рублёў (+6% у гадавым вымярэнні; -40,5% ад пачатку гэтага года). На 1 студзеня гэты паказчык складаў 36 млрд 875,4 млн долараў.

Валавы знешні доўг Беларусі за студзень — сакавік 2024 года зменшыўся на 498,6 млн долараў (1,4%) — да 36 млрд 376,8 млн на 1 красавіка, сведчаць даныя Нацыянальнага банка.

Запазычанасць сектара дзяржаўнага кіравання склала 16 млрд 862 млн долараў, скараціўшыся за квартал на 0,5% (-85,3 млн.), Нацбанка і іншых дэпазітных арганізацый — 4 млрд 921,5 млн (-10,5%; -574,8 млн), іншых сектараў — 12 млрд 439 млн (+1,7%; 202,3 млн), па прамых інвестыцыях (міжфірменнае крэдытаванне) — 2 млрд 154,3 млн (-1,9%; -40,7 млн ).

Валавы знешні доўг Беларусі — нявыплачаная сума абавязацельстваў перад нерэзідэнтамі, якая патрабуе выплаты асноўнага доўгу і (або) працэнтаў.

У адрозненне ад знешняга дзярждоўгу, які ўлічвае толькі абавязацельствы ўрада перад нерэзідэнтамі, валавы знешні доўг ахоплівае абавязацельствы ўсіх рэзідэнтаў, падзеленых на чатыры сектары эканомікі: органы дзяржкіравання, органы грашова-крэдытнага рэгулявання, банкі (дэпазітныя арганізацыі, за выключэннем Нацбанка), іншыя юрыдычныя і фізічныя асобы.

Падзяліцца: