Мінск 17:03

У ПКК заявілі аб страце “традыцыйных элементаў самакіравання”

Крыніца: тэлеграм-канал ПКК

22 ліпеня, Позірк. Полк імя Кастуся Каліноўскага (ПКК) “страчвае традыцыйныя элементы самакіравання, якія мелі месца быць з самага пачатку яго стварэння”, гаворыцца ў заяве, апублікаванай 22 ліпеня ў яго тэлеграм-канале.

Сцвярджаецца, што новыя ўмовы набору ўдзельнікаў, “знішчаюць працоўную сістэму, збудаваную за больш чым два гады, і пазбавілі магчымасці паўнавартаснага набору рэкрутаў”.

Паведамляецца, што вайсковая частка, да якой належыць полк, “патрабуе ў прэс-службы аддаць доступ да сацыяльных сетак”.

“Так як сацыяльныя сеткі палка належаць усёй беларускай нацыі, то лічым іх перадачу грамадзянам іншай краіны немагчымай”, — гаворыцца ў рэлізе.

Таксама адзначвецца, што прызначэнне вайсковай часткай Паўла Шурмея на пасаду часова выконваючага абавязкі камандзіра палка ў ПКК лічаць немагчымым, бо “праз згоду на ўмовы вайсковай часткі ён згубіў аўтарытэт сярод пераважнай большасці камандзіраў”.

Аю тым, што Шурмей выконвае абавязкі камандзіра палка, стала вядома 7 ліпеня.

Раней ім кіраваў Дзяніс “Кіт” Прохараў.

Позірк” звярнуўся ў ПКК за каментаром з нагоды заявы, але адказу цягам дня не атрымаў.

47-гадовы Шурмей — прафесійны вясляр, удзельнік дзвюх Алімпіяд у складзе зборнай Беларусі па акадэмічным веславанні.

На момант пачатку расійскай агрэсіі ва Украіне знаходзіўся ў ЗША, адкуль адразу ж накіраваўся ў Кіеў і далучыўся да беларускага добраахвотніцкага руху. Быў паранены. Узнагароджаны медалём БНР.

У шлюбе з украінскай вясляркай Аленай Бурак.

У Беларусі супраць Шурмея заведзеная крымінальная справа.

Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 года. 26 сакавіка таго ж года ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны (УСУ), а 21 траўня было абвешчана пра яго трансфармацыю ў полк у складзе двух батальёнаў — “Волат” і “Тэрор”. Пазней быў сфармаваны трэці — “Літвін”. Пасля “Тэрор” стаў асобным падраздзяленнем УСУ па-за складам палка.

25 верасня 2023 года полк Каліноўскага абвясціў пра стварэнне новага батальёна Western з удзелам замежнікаў, у склад якога ўвайшлі “афіцэры краін НАТО і замежныя грамадзяне, якія маюць баявы досвед у Іраку і Афганістане”.

У складзе палка таксама дзейнічае тактычная група Крыўцова, якая займаецца беспілотнай аэравыведкай, карэктаваннем агню ды інш.

У Беларусі па факце стварэння палка Каліноўскага ўзбуджаная крымінальная справа, ён прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Падзяліцца: