Мінск 21:54

Тэлевядучая Ларыса Грыбалёва паведаміла, што знаходзіцца на волі

Грибалева
Ларыса Грыбалёва з дачкой Фота: старонка артысткі ў “Фэйсбуку”

1 лістапада, Позірк. Затрыманая 1 лістапада вядомая спявачка, актрыса і тэлевядучая Ларыса Грыбалёва на волі, паведаміла яна на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”.

“Я дома, усё добра”, — напісала Грыбалёва каля 19 гадзін па мінскім часе.

Раней праваабарончы цэнтр “Вясна” паведаміў, што жанчыну затрымалі “ўчора ці сёння”. Сцвярджаецца, што ў доме артысткі праведзены ператрус.

У жанчыны трое дзяцей, малодшая дачка 2016 года нараджэння.

Грыбалёва ўключана ў неафіцыйны чорны спіс выканаўцаў, якім забаронена выступаць у Беларусі.

4 мая Міністэрства інфармацыі вынесла пісьмовае папярэджанне ТАА “ЕўраПлюсТВ”, якое з’яўляецца заснавальнікам тэлепраграмы “Europa Plus TV”. У паведамленні ведамства адзначалася, што мера прынята “за парушэнне нацыянальнага заканадаўства аб СМІ”.

Праўладныя тэлеграм-каналы ў той жа дзень раскрытыкавалі тэлеканал за допуск да эфіру ў якасці вядучай Грыбалёвай, якая падтрымала пратэсты ў 2020 годзе.

Паводле звестак Беларускага ПЕНа, на 31 жніўня не менш як 127 дзеячаў культуры знаходзілася ў няволі па палітычных абвінавачаннях. Культурныя дзеячы падвяргаюцца таксама адміністрацыйнаму пераследу, многія былі вымушаны выехаць з Беларусі.

Падзяліцца: