Мінск 19:54

Другі блок БелАЭС 26 ліпеня спыняць для планавага рамонту (дапоўнена)

Архіўнае фота: прэс-служба Міністэрства энергетыкі

23 ліпеня, Позірк. Другі энергаблок Беларускай АЭС 26 ліпеня будзе выведзены ў “першы планава-папераджальны рамонт”, паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі.

Ведамства адзначае, што планавыя рамонтныя работы праходзяць штогод на кожным энергаблоку АЭС “для пацверджання надзейнасці абсталявання і тэхналагічных сістэм”.

“Для гэтага адмыслоўцы правядуць іх дэталёвую дыягностыку, у тым ліку выканаюць пашыраны кантроль металу і зварных злучэнняў абсталявання рэактарнага і турбіннага аддзяленняў. Гэтыя мерапрыемствы будуць ажыццяўляцца ў рамках зацверджаных графікаў”, — паведамляе ведамства, не ўдакладняючы тэрміны.

Паводле інфармацыі Мінэнерга, падчас рамонту ў актыўную зону рэактара другога блока БелАЭС перазагрузяць “каля 25% цеплавыдзяляльных зборак з ядзерным палівам”. Паліва “пастаўлена на станцыю і прайшло ўваходны кантроль”.

Да работ прыцягнуць беларускіх і расійскіх адмыслоўцаў.

На час рамонту праца блока спыняецца.

Першы блок БелАЭС ужо прайшоў два планава-папераджальныя рамонты. У 2022 годзе ён спыняўся для гэтых мэт на 198 дзён, 2023-м — на 68 дзён.

Збудаванне БелАЭС завяршылася ўвосень 2023 года. Першы энергаблок станцыі сілкуе энергасістэму краіны з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня 2023-га. У прамысловую эксплуатацыю яны ўведзеныя ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

За час працы станцыя згенеравала 33,1 млрд кВт·г электраэнергіі, у тым ліку другі блок — 9,2 млрд.

Падзяліцца: