Мінск 01:40

Сям’і невядома месцазнаходжанне палітзняволенай Шарэнда-Панасюк

Скрыншот: тэлеканал "Беларусь 1"

23 ліпеня, Позірк. Дзе знаходзіцца палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк і які стан яе здароўя, невядома, вынікае з паведамлення яе мужа Андрэя Шарэнды.

У першай палове ліпеня жанчыну накіравалі на чацвёртую па ліку псіхіятрычную экспертызу ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя, этапаванне з гомельскага следчага ізалятара № 3 у Мінск заняло дзевяць дзён.

Сваякі не паспелі адвезці ў РНПЦ перадачу з прадуктамі і лекамі. Калі і куды яе перавялі з цэнтру, невядома.

“Пякельны этап, безвыходнасьць і роспач для Паліны. Божа, дапамажы ёй перажыць гэтыя пакуты”, — напісаў Шарэнда на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”.

18 ліпеня стала вядома, што ў палітзняволенай “хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасці”. Ва ўмовах следчага ізалятара і калоніі “мець такі дыягназ за кратамі — як адкладзены смяротны вырак”, адзначыў яе муж.

22 сакавіка стала вядома, што Шарэнда-Панасюк звярнулася з прашэннем аб памілаванні да Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта яна паведаміла ў інтэрв’ю дзяржтэлеканалу “Беларусь 1”.

Праваабаронцы паведамлялі, што жанчына можа выйсці на волю 21 траўня, аднак пасля стала вядома, што ў дачыненні да яе распачалі трэцюю крымінальную справу паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі).

У чэрвені 2021 года суд Маскоўскага раёна Брэста прыгаварыў Шарэнда-Панасюк да 2 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 (абраза прэзідэнта) КК.

У красавіку 2022 года палітзняволеную прыгаварылі яшчэ да 1 года зняволення паводле ч. 1 арт. 411, у кастрычніку 2023-га — да такога ж тэрміну паводле таго ж артыкула.

21 сакавіка Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын заклікаў Беларусь прыняць тэрміновыя меры для абароны Шарэнда-Панасюк. Гэта першы такі выпадак па справах супраць Беларусі.

Раней муж, які знаходзіцца з дзецьмі ў эміграцыі, паведамляў, што Шарэнда-Панасюк “мінімум 32 разы змяшчалася ў нечалавечыя ўмовы” штрафнога ізалятара і карцара, а яшчэ “каля 150 дзён” правяла ў памяшканні камернага тыпу.

Падзяліцца: