Мінск 14:43

Экс-камандзір ПКК Прохараў стварае грамадскі рух “Каліноўцы”

Крыніца: uacrisis.org

23 ліпеня, Позірк. Былы камандзір палка імя Кастуся Каліноўскага (ПКК) Дзяніс Прохараў (пазыўны “Кіт”) стварае новы грамадскі рух, вынікае з анонсу брыфінгу, які пройдзе 24 ліпеня ва ўкраінскім крызісным медыя-цэнтры.

Называцца рух будзе “Каліноўцы”.

У анонсе паведамляецца, што ўдзел у мерапрыемстве, акрамя Прохарава (ён заяўлены, як “адзін з заснавальнікаў і лідараў” руху), прымуць намеснік камандзіра ПКК Вадзім Кабанчук, палітычны прадстаўнік палка Дзмітрый Шчыгельскі і кіраўнік праекта “Беларускі дрон” Ігар Турцэвіч.

На брыфінгу, як заяўляецца, будзе агучаная інфармацыя “аб мэтах, задачах, каштоўнасцях і ўдзельніках” руху “Каліноўцы”.

Інфармацыя аб стварэнні новага руху з’явілася на фоне рэзанансных падзей у ПКК і вакол яго.

У заяве, апублікаванай 22 ліпеня ў тэлеграм-канале ПКК, было абвешчана, што полк “губляе традыцыйныя элементы самакіравання, якія мелі месца быць з самага пачатку яго стварэння” і сцвярджалася, што новыя ўмовы набору ўдзельнікаў “знішчаюць працоўную сістэму, збудаваную за больш чым два гады, і пазбавілі магчымасці паўнавартаснага набору рэкрутаў”.

Паведамлялася таксама, што вайсковая частка, да якой належыць полк, “патрабуе ў прэс-службы аддаць доступ да сацыяльных сетак”.

У ПКК таксама заявілі, што прызначэнне вайсковай часткай Паўла Шурмея на пасаду часова выконваючага абавязкі камандзіра палка ў ПКК лічаць немагчымым, бо “праз згоду на ўмовы вайсковай часткі ён страціў аўтарытэт сярод пераважнай большасці камандзіраў”.

Пра тое, што Шурмей выконвае абавязкі камандзіра палка, стала вядома 7 ліпеня.

47-гадовы Шурмей — прафесійны вясляр, удзельнік дзвюх Алімпіяд у складзе зборнай Беларусі па акадэмічным веславанні.

Падзяліцца: