Мінск 18:45

За месяц намінальны сярэдні заробак вырас на 2,29% (дапоўнена)

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

24 ліпеня, Позірк. Намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў Беларусі ў чэрвені 2024 года склаў 2.270 рублёў — на 50,8 рубля больш (+2,29%), чым у траўні (2.219,2), вынікае з інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У чэрвені 2023 года ён быў на ўзроўні 1.927,1 рубля рубля (у гадавым вымярэнні рост на 17,79%).

Паводле ўзроўню намінальнага заробку традыцыйна лідзіруе Мінск — 3.020,8 рубля (у траўні — 2.940,7; +2,72%). У Мінскай вобласці ён склаў 2.270,2 (2.254,4; +0,7%), Гомельскай — 2.063,9 (2.022,4; +2,05%), Гродзенскай — 2.041,3 (2.008; +1,66%), Брэсцкай — 2.014,5 (1.945,6; +3,54%), Віцебскай — 1.948,8 (1.905,9; +2,25%), Магілёўскай — 1.923,6 (1.860,3; +3,4%).

Больш за ўсё ў траўні было налічана работнікам сектара інфармацыі і сувязі — 5.291,9 рубля (5.342,1; -1,75%). Далей ідуць прадстаўнікі сферы фінансаў і страхавання — 3.218,9 (3.289,8; -2,16%), прафесійнай, навуковай і тэхнічнай дзейнасці — 2.840,5 (2.692,2; +5,51%), будаўніцтва — 2.670,7 (2.548,3; +4,8%), прамысловасці — 2.442,5 (2.402,3; +1,67%), транспарту і лагістыкі — 2.256,8 (2.248,5; +0,37%), аптовага і рознічнага гандлю — 2.075,7 (2.007,9; +3,38%), аперацый з нерухомай маёмасцю — 1.958,4 (1.928,1; +1,57%), аховы здароўя і сацыяльных паслуг — 1.870,6 (1.802,6 ;+3,77%), сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі — 1.816 (1.844,4; -1,54%), адукацыі — 1.715,2 (1.610; +6,53%), іншых відаў паслуг — 1.699,1 (1.691,3; +0,46%), сферы паслуг па часовым пражыванні і харчаванні — 1.626,8 (1.621,7; +0,31%), дзейнасці ў галіне адміністрацыйных і дапаможных паслуг — 1.577,2 (1.548,1 ;+1,88%), творчасці, спорту, забаў і адпачынку — 1.557,4 (1.563; -0,36%).

Праведзены раней “Позіркам” аналіз даных Еўразійскай эканамічнай камісіі паказаў, што сярэднямесячны намінальны заробак за першы квартал 2024 года вырас ва ўсіх краінах Еўразійскага эканамічнага саюза. У Расіі ён склаў 888 долараў у эквіваленце (+19,5% да ўзроўню студзеня — сакавіка 2023-га), Казахстане — 849 (+12,3%), Арменіі — 702 (+8,2%), Беларусі — 643 (+19,4%), Кыргызстане — 381 (+11%).

Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва (даходы з улікам інфляцыі) у студзені — траўні 2024 года павялічыліся на 9,6% (месяцам раней — 9,8%) у параўнанні з аналагічным перыядам 2023-га, вынікае з паведамлення Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Згодна з важнейшымі прагнознымі (дэ-факта планавымі) параметрамі развіцця краіны на 2024 год, рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва павінны вырасці на 3,5%, рэальныя заробкі — на 3,9%, намінальны сярэднямесячны заробак павінен узрасці да 2.087 рублёў (у бюджэтным сектары — да 1.634).

Паводле даных Белстата, спажывецкія цэны ў чэрвені 2024 года выраслі на 0,6%, з пачатку года — на 3,4%, у гадавым выражэнні — на 5,8%.

Падзяліцца: