Мінск 17:53

У Гомельскай вобласці для ліквідацыі наступстваў урагану прыцягнулі тых, хто адбывае пакаранне

Кіраўнік МУС Іван Кубракоў і старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко
Скрыншот відэа прэс-службы МУС

25 ліпеня, Позірк. Удзел у ліквідацыі наступстваў урагану ў Гомельскай вобласці прынялі “272 асобы з ліку спецкантынгенту”, паведаміў 25 ліпеня на рабочай нарадзе ў аблвыканкаме першы намеснік начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Іван Мысліцкі.

Паводле яго слоў, якія перадае прэс-служба ведамства, у разборах завалаў, рамонтных і дапаможных работах удзельнічалі “тыя, хто адбывае пакаранне ў папраўчых установах адкрытага тыпу”, а таксама “якія знаходзяцца ў лячэбна-працоўным прафілакторыі”.

Для дапамогі камунальным службам у добраўпарадкаванні вуліц (уборцы галінак, лістоты, іншага смецця, прывядзенні дарожнай сеткі ў бяспечны для руху стан), “актыўна прыцягваюцца непрацуючыя грамадзяне, якія знаходзяцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчых інспекцыях”, сказаў начальнік абласнога УУС Аляксандр Шастайла.

“Толькі 24 ліпеня ў гэтых мерапрыемствах на тэрыторыі вобласці прынялі ўдзел 159 такіх асоб. Усяго, пачынаючы з 16 ліпеня, свой уклад у аднаўленне пацярпелых рэгіёнаў унеслі 474 грамадзяніны, якія маюць судзімасць”, — зазначае прэс-служба.

На нарадзе 23 ліпеня Аляксандр Лукашэнка даручыў прыцягнуць да ўстаранення наступстваў непагадзі грамадзян, у тым ліку палітзняволеных.

“Я ўжо казаў міністру ўнутраных справаў (ён падключыцца, ён ведае), у нас больш за 20 тысяч сядзельцаў і так званыя палітвязні. Туды — на прасеку. Дапамажыце краіне. <…> І гараджан, і асабліва гэтых дармаедаў”, — сказаў ён.

Лукашэнка загадаў адправіць на адпаведныя працы жыхароў Беларусі ў цэлым, адзначыўшы, што “адгаворкі кшталту таго, што я не пайду, не хачу, не буду, не прымаюцца”.

Ён абвінаваціў пацярпелых ад непагадзі грамадзян у “няправільным разуменні” НС.

Раней Лукашэнка тройчы ўстанаўліваў чыноўнікам тэрміны ліквідацыі наступстваў урагану. Віцэ-прэм’еру Анатолю Сіваку трэба было да раніцы 16 ліпеня аднавіць працу ўсёй інфраструктуры. Кіраўніку МНС Вадзіму Сіняўскаму і дзяржаўнаму сакратару Савета бяспекі Аляксандру Вальфовічу 16 ліпеня быў дадзены “адзін дзень” на нармалізацыю сітуацыі пасля непагадзі. Кіраўніку Гомельскага аблвыканкама Івану Крупко ён даручыў да раніцы 19 ліпеня завяршыць “усе работы па падключэнні насельніцтва да электрасілкавання, у тым ліку ў самых аддаленых населеных пунктах”.

Непагадзь 13 і 14 ліпеня ў Беларусі прывяла да маштабных пашкоджанняў у сістэме электраперадачы, парушэнняў водазабеспячэння, разбурэнняў. Найбольш ад ураганнага ветру пацярпела Гомельская вобласць, дзе ўводзілі рэжым надзвычайнай сітуацыі.

У тыя дні з-за непагадзі загінула сем чалавек.

Пасля стыхіі, якая бушавала на поўдні Беларусі, Міністэрства энергетыкі падрыхтавала галіновы план мерапрыемстваў па павышэнні надзейнасці работы электрасеткавага комплексу, паведаміў 24 ліпеня кіраўнік ведамства Віктар Каранкевіч.

Гл. таксама (па-руску):

Невыученный урок. Ураган показал, что власть бездушна и не готова к настоящим вызовам | Pozirk

Падзяліцца: